Першы віцэ-прэм'ер: перамовы з Расіяй наконт нафты не рухаюцца
Беларусь лічыць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць расійскім нафтавым кампаніям маржу ў ранейшых аб'ёмах. Пра гэта журналістам паведаміў першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы.
"Нейкіх новых нюансаў перамоваў з Расійскай Федэрацыяй у нас на сённяшні дзень няма. Мы па-ранейшаму прытрымліваемся пазіцыі, што ва ўмовах рэалізацыі падатковага манеўру і штогадовага павелічэння кошту нафты для Беларусі за кошт памяншэння мытнай пошліны плаціць прэмію расійскім нафтавым кампаніям у тым памеры, у якім мы дамаўляліся гэта рабіць у 2011 годзе, сёння не мае ніякага сэнсу. гэта проста эканамічна немэтазгодна", — перадае БЕЛТА словы Дзмітрыя Крутога.
Ён заявіў, што расійскі бок пакуль не хоча саступаць у гэтым пытанні. Насустрач афіцыйнаму Мінску пайшла толькі кампанія Міхаіла Гуцарыева "Слаўнафта". З іншымі кампаніямі працягваюцца перамовы. "Лічым, што ад беларускага рынку ў кожным разе адмахнуцца проста так вельмі складана: мы з'яўляемся буйным спажыўцом расійскай нафты — прыкладна 10% расійскага экспарту", — падкрэсліў чыноўнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.