"Піўны" фестываль у Беларусі ды ва Украіне: 10 адрозненняў (фота, табліца)
Еўрарадыё параўновае ўражанні ад фестываляў Stare Misto ды "Рок за Баброў"
З розніцай у тыдзень у Львове і пад Мінскам прайшлі буйныя фестывалі, якія арганізуюць вялікія бровары: Stare Misto (глядзі фотарэпартаж) ды "Рок за Баброў". Еўрарадыё наведала абодва і падрыхтавала справаздачу-параўнанне.
На “Рок за Баброў” выбіраемся на машыне. Але цудаў не бывае: паварот на Баравую, як і летась, аказваецца перакрытым. Дарогу вартуюць два экіпажы ДАІ. Але вось недарэчнасць: пераходу праз трасу няма! Аматары рока ды баброў кідаюцца пад калёсы літаральна на вачах у Дзяржаўтаінспекцыі.
Аэрадром "Баравая"
Львоўскаму фестывалю з лакацыяй пашанцавала больш: вялікі алімпійскі стадыён "Україна" знаходзіцца ўсяго ў 15 хвілінах на грамадскім транспарце ад цэнтра горада, у вялікім парку. На стадыённых паркоўках лёгка змяшчаюцца машыны ўсіх жадаючых, а тых, хто не стрымаўся, ды папіў на фестывалі піўка (а гэта абсалютная большасць наведвальнікаў) чакаюць шматлікія таксоўкі.
Стадыён "Украіна"
Зноў вяртаемся на Баравую. На ўваходзе гарачы прыём: міліцыя адбірае нават ваду ў пластыкавых бутэльках ды інспектуе ўсе кішэні, тэхніку звонку і знутры і нават кашалькі ды цюбікі з касметыкай. Апошні раз азіраемся на "чароўны лес", у які час ад часу бегаюць наведвальнікі фэста, гатовыя зноў праходзіць кантроль, пакуль іх нецвярозы стан не будзе заўважаны праваахоўнікамі. І акунаемся ў атмасферу свята.
Тыдзень таму на фестывалі Stare Misto можна было набыць аднайменнае піва (нават танней, чым у гарадскіх крамах) а таксама квас і мінеральную ваду, рыбу, сэндвічы ды чыпсы ў 15 гандлёвых намётах. На "Рок за Бобров" з фірмовай прадукцыі — толькі квас. У цэлым жа, асартымент гандлёвых кропак больш шырокі (тут і салацікі, і марожанае), але ж іх колькасць значна меншая, а людзей на бясплатным фэсце больш, чым было на Stare Misto. Як вынік, чэргі, праз якія можна і выступ хэдлайнераў прапусціць.
Лайн-ап мінскага фестывалю складаецца па звыклай схеме. Спачатку колькі маладых беларускіх гуртоў, пасля звыкла выбуховыя "Без білета", а за імі замежныя хэдлайнеры: піцерцы Aninal ДжаZ ды фіны Sunrise Avenue. Вядома, на тым жа Stare Misto склад быў больш зорны: з “Ляпісамі”, Горанам Брэгавічам, Kaiser Chiefs ды ДДТ. Але "Рок за Бобров" бясплатны, ды яшчэ і прасоўвае беларускія гурты. Так што па гэтым пункце — нічыя.
"Без Билета"
Animal ДжаZ
Sunrise Avenue
Асобная гісторыя — гэта фестывальная ахова. На Баравой ды вакол яе — сотні супрацоўнікаў МУС ды АМАПа. Яны дзяжураць на ўваходзе, ачапляюць тэрыторыю, абараняюць сцэну ды проста стаяць шэрагамі на танцполе. Гледзячы на такую кампанію, падсвядома хочацца схаваць фотатэхніку ды бегчы падалей. Пасля прызвычайваемся ды нават спрабуем пайсці на кантакт.
Суровыя міліцыянты ахвотна распавядаюць, чым канкрэтна займаюцца на фестывалі. Напрыклад, цэлы шэраг міліцыі, што стаіць на ачэпленай паласе пасярод фестывальнай пляцоўкі, аказваецца, ахоўвае праезд для хуткай дапамогі ды машын МНС. Прызнаюцца, што схема для "Рок за Бобров" не надзвычайная, і пабачыцца з міліцыяй у той жа колькасці неўзабаве можна будзе і на фестывалі Global Gathering.
Навошта пад сцэнай тырчыць больш за дваццаць АМАПаўцаў, незразумела… Але толькі да пачатку выступа хэдлайнераў. “Сілавікі” спыняюць даўку ў фан-зоне, дапамагаюць выбрацца на свабоду з натоўпу і нават адшукваюць згубленыя рэчы.
Тут нельга не ўзгадаць, што на Stare Misto такія паслугі ўвогуле не запатрабаваныя. Гледачы там размеркаваныя паміж дзвюма вялікімі зонамі суадносна коштам квіткоў. У выніку, даўкі няма ўвогуле, а на выступах хэдлайнераў людзям хапае месца каб танчыць парамі ды нават вадзіць карагоды. Байцоў атрадаў асобага прызначэння на стадыёне "Украіна" увогуле бачым толькі аднойчы: напрыканцы фэсту публіка губляе страх ды выбягае танчыць на дарагі футбольны газон. Чацвёра мужчын у крапавых берэтах толькі выходзяць на поле, і ўсіх непаслухмяных быццам ветрам здувае.
Табліца з параўнаннем двух фэстаў:
Stare Misto |
"Рок за Бобров" |
|
Лакацыя |
Стадыён "Украіна" у горадзе Львоў |
Аэрадром Баравая за Мінскай кальцавой |
Інфраструктура |
15 хвілін на грамадскім транспарце ад цэнтра Львова, вольная паркоўка, таксоўкі |
Прыгарадныя аўтобусы, парковачныя месцы заканчваюцца яшчэ ў абед, пад'езд да тэрыторыі фестывалю перакрыты |
Піва |
Прадаецца |
Не прадаецца |
Ежа |
Сэндвічы ды чыпсы у 15 гандлёвых кропках |
Чыпсы, марожанае, салодкае ды нават салаты ў невялікай колькасці гандлёвых кропак, суседні гіпермаркет перапоўнены |
Мясцовыя гурты |
2 украінскія гурты разаграваюць астатнія каманды |
9 беларускіх гуртоў, "Без Білета" — у ліку хэдлайнераў |
Замежныя музыкі |
Che Sudaka, Archive, IAMX, Goran Bregovic, Fiddler’s Green, Leningrad Cowboys,The Subways, Kaiser Chiefs, ДДТ |
Aninal ДжаZ,Sunrise Avenue |
Кошт квіткоў |
90 — 300 грыўнаў |
Уваход бясплатны |
Ахова |
Некалькі дзясяткаў незаўважных ахоўнікаў у цывільным |
Сотні міліцыянтаў ды байцоў АМАП |
Працягласць |
2 дні |
1 дзень |
Даступнасць для людзей на інвалідных вазках |
Спецыяльнага месца для інвалідаў няма. Каб трапіць на фэст, даводзіцца пераадолець крутую лесвіцу. |
Для вазочнікаў перад сцэнай ёсць спецыяльнае узвышэнне. Ёсць пандус, заехаць дапамагаюць валанцёры. Сцэна добра бачная. |