Планшэты для Усебеларускага сходу закупілі ў МТС за дзяржаўныя грошы?
Планшэты, якія падарылі дэлегатам 5-га Усебеларускага народнага сходу, справакавалі скандал. Выглядала, што каля 500 тысяч долараў за “Самсунгі” аплацілі падаткаплацельшчыкі.
Але рэдактар газеты “Беларусь сегодня” Павел Якубовіч у праграме “Клуб рэдактараў” расстаўляе акцэнты іншым чынам.
“Планшэты дала не дзяржава. Планшэты — гэта спонсарская дапамога адной з фірм. Як я разумею, для іх гэта нядорага абышлося. Таму што наўрад ці гэтыя планшэты цяпер увогуле прадаюцца. Таму размовы пра тое, што абрабавалі бюджэт, — гэта ўвогуле спонсарская дапамога фірмы”, — пераканаўча выказваецца Якубовіч.
Праз лічаныя дні пасля завяршэння Сходу на беларускіх інтэрнэт-пляцоўках пачалі прадаваць тыя самыя Samsung Galaxy Tab A6.
“Ён на гарантыі МТС. Адзін раз уключылі, праверылі, што працуе, і ўсё. Нават плёнка на дысплэі налепленая. Каштаваў каля 4 мільёнаў, прадаём за тры”, — рэкламуе тавар жонка аднаго з дэлегатаў, які на Сходзе прадстаўляў Мінск.
Інфармацыю пацвярджае Вікторыя Р., дэлегатка з Гомельскай вобласці. Яна расказвае пра планшэт Samsung Galaxy Tab A6, прыкладзеныя да яго інструкцыю, гарантыйны талон і іншыя паперы.
“Мабільныя ТэлеСістэмы”. Аддзел продажу і абслугоўвання горада Мінска. Праспект Незалежнасці, 95”, — зачытвае інфармацыю з дакументаў Вікторыя.
Экс-дэлегатка распавядае і пра тое, што ў яе планшэце ўстаўленая SIM-карта МТС, з бясплатным інтэрнэтам да канца ліпеня.
Па праспекце Незалежнасці, 95 у сталіцы месціцца Цэнтральны офіс МТС. Туды і звяртаемся. Няўжо кампанія падаравала дэлегатам планшэты прыкладна на 500 тысяч долараў?
Але ў аддзеле піяру мабільнага аператара запэўніваюць, што яны не аказвалі такой спонсарскай дапамогі.
“Толькі нашы тэхнічныя спецыялісты наладжвалі якасную сувязь падчас Усебеларускага народнага сходу”, — кажа в.а. начальніка аддзела піяру Ірына Галубенка.
Інфармацыю пра тое, хто закупіў такую колькасць планшэтаў, у “МТС” таксама не даюць. Можа сапраўды нейкая таемная фірма? А можа “Самсунгі” ўсё ж аплацілі з бюджэтных грошай?
Да апошняй версіі схіляе факт, што на сайце дзяржзакупак icetrade.by Мінгарвыканкам выставіў план закупак 400 планшэтаў. Нагадаем, што ад Мінска на Сход абралі акурат 400 чалавек. Супадзенне?
Таму звязваемся з намеснікам начальніка ўпраўлення справамі Мінгарвыканкама Алегам Ермаловічам. Паводле сайта дзяржзакупак, менавіта ён адказны за правядзенне такіх тэндараў.
Еўрарадыё: Выглядае, што Мінгарвыканкам закупляў планшэты для дэлегатаў з Мінска…
Алег Ермаловіч: Хто яго ведае, можа і так. Не ўпаўнаважаны такія рэчы казаць. Чуў і такое меркаванне, і такое. А тое, што маё прозвішча запісана, проста трэба ж было некага аформіць.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, паперы для закупкі планшэтаў усё ж афармляліся?
Алег Ермаловіч: Не ведаю, шчыра кажучы. Пагутарце з маім кіраўніцтвам.
Начальнік упраўлення справамі Мінгарвыканкама Мікалай Котаў на пытанне пра планшэты параіў звярнуцца ў… храм.
“Калі вам нешта падаецца, схадзіце ў храм. Той, да якога вы схіляецеся. А там знойдзеце сябе”, — разважае Котаў і адпраўляе ў аддзел ідэалогіі Мінгарвыканкама.
“Паверце, я нават не ведаю. Патлумачыць вам нешта таксама не змагу”, — здзіўляецца Людміла Высоцкая, загадчык прэс-службы Мінгарвыканкама. І адпраўляе назад да Котава.
Яшчэ раз правяраем інфармацыю на сайце дзяржзакупак. У чарговы раз упэўніваемся, што інфармацыя там ёсць. А сама па сабе яна на сайце дзяржзакупак з’явіцца не можа.