Плот на мяжы з Беларуссю трэба не зносіць, а ўмацоўваць — польская апазіцыя
Плот на мяжы Польшчы і Беларусі
Плот на мяжы з Беларуссю трэба не прыбіраць, а ўмацоўваць. Такое меркаванне выказаў генеральны сакратар польскай апазіцыйнай партыі "Грамадзянская платформа" Марцін Кервінскі. Палітык выступаў у эфіры RMF FM, паведамляе тг-канал "Позірк".
Па яго словах "Грамадзянская платформа" не выступае за дэмантаж сцяны на мяжы з Беларуссю, а хоча яе мадэрнізаваць. Кервінскі заявіў, што праз гэты плот штотыдзень незаконна перабіраюцца некалькі соцень чалавек.
"Мы не можам з гэтым пагадзіцца. Палякі апынуліся героямі, мы адкрылі свае дамы і сэрцы ўцекачам з Украіны. Што датычыць усіх механізмаў падзелу бежанцаў, мы сваю частку ўжо выканалі", — заявіў ён.
Цяперашні бар'ер на думку палітыка з'яўляецца "проста плотам": ён занадта нізкі, недастаткова ўкапаны і недастаткова ўзброены інфармацыйна-камунікацыйным абсталяваннем.
У Польшчы 15 кастрычніка разам з парламенцкімі выбарамі пройдзе рэферэндум. На яго будзе выносіцца і пытанне наконт скасавання бар'ера на мяжы з Беларуссю.
Беларуская прапаганда актыўна выступае супраць плота на беларуска-польскай мяжы. Пры гэтым "віна" за плот ускладаецца выключна на цяперашнюю кіруючую ў Польшчы партыю "Права і справядлівасць". Выглядае, што беларускія прапагандысты нават не пацікавіліся меркаваннем польскай апазіцыі наконт "беларускага пытання".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.