Полацкія фрэскі ХІІ стагоддзя дзяржаве не патрэбныя

На працягу пятнаццаці гадоў у Спаса-Прэабражэнскай царкве ў Полацку вяліся работы па рэстаўрацыі старажытных фрэсак. Імі кіраваў мінскі гісторык-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі.

За гэты час яму ўдалося адкрыць 150 квадратных метраў насценных малюнкаў XII стагоддзя. Гэта прыкладна чацвёртая частка агульнай плошчы муроў храма. Прычым работы па вяртанні унікальнага роспісу ўвесь гэты час вяліся без асаблівай падтрымкі з боку дзяржавы.

Даведка Еўрарадыё

Спаса-Прэабражэнская царква знаходзіцца на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і з’яўляецца найстаражытнейшым дзейным храмам на тэрыторыі Беларусі. Царква была пабудаваная ў XII стагоддзі на загад самой Ефрасінні Полацкай, святой заступніцы Беларусі. Менавіта ў гэтым храме захоўваецца і адна з галоўных беларускіх хрысціянскіх святыняў — мошчы Прападобнай Ефрасінні.


Аднак сёлета ўлады вырашылі паскорыць працэс рэстаўрацыі. Полацк наведаў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, які паабяцаў вырашыць пытанне з аднаўленнем Спаса-Прэабражэнскай царквы. І абяцанне сваё стрымаў.


Але прынятае рашэнне было даволі своеасаблівым: не адкрываць фрэскі ХІІ стагоддзя, а аднаўляць больш познія роспісы, якія датуюцца ХІХ стагоддзем. Прычым зрабіць гэта трэба тэрмінова — да 5 чэрвеня. У гэты дзень будзе адзначацца традыцыйны Дзень Святой Еўфрасінні.


Сёлета плануецца ўрачыста ўсталяваць новую срэбную рaку для мошчаў нябеснай заступніцы Беларусі. Таму чакаецца прыезд на святкаванні не толькі мітрапаліта Філарэта, але і кіраўніка дзяржавы.


Вось і пастаўлена задача — завяршыць рэстаўрацыю фрэсак Спаса-Прэабражэнскай царквы. Таму выявы ХІІ стагоддзя будуць закансерваваныя, а аднаўляць будуць толькі пазнейшы масляны роспіс.


Для працы ў храме ўжо запрошаныя спецыялісты з Масквы. Дарэчы, яны ўжо агледзелі царкву і прызналі, што беларускія рэстаўратары на чале з Уладзімірам Ракіцкім выконвалі сваю працу звышпрафесійна і рабіць яе хутчэй немагчыма.


Але ж план уладаў застаецца ў сіле. А сам спадар Ракіцкі паведаміў нашаму карэспандэнту, што ўжо накіраваў на імя міністра культуры ліст, у якім просіць адхіліць яго ад навуковага кіраўніцтва рэстаўрацыяй храма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі