Польшча перадала Украіне першыя МіГ-29
Самалёт МіГ-29А ВПС Польшчы / РІА "Новости"
Польшча перадала Украіне першыя шматмэтавыя знішчальнікі МіГ-29. Пра гэта заявіў кіраўнік офіса міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач.
"Некалькі МІГ ужо адпраўленыя", — сказаў ён у каментары RMF FM. Паводле яго інфармацыі, працэс перадачы першай часткі самалётаў ужо завершаны.
"Вядома, будуць размовы і пра магчымую далейшую падтрымку", — адзначыў таксама Пшыдач. Раней прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абвясціў пра перадачу Украіне чатырох самалётаў МіГ-29. Акрамя таго, Украіна ўжо атрымала МіГ-29 ад Славакіі. РБК Украіна піша, што яны абараняюць украінскае неба над Харкавам.
Марцін Пшыдач таксама расказаў пра блізкі візіт у Варашаву ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Гэты візіт будзе насіць асаблівы характар, падкрэсліў польскі чыноўнік. Калі папярэднія паездкі Зяленскага за мяжу — у Лондан, Вашынгтон, Парыж і Брусель — былі працоўнымі і праходзілі ў абстаноўцы цішыні і сакрэтнасці, то "тут гаворка ідзе пра афіцыйны візіт". Запланаваная таксама сустрэча Зяленскага з палякамі і ўкраінцамі, якія жывуць у Польшчы. Яна адбудзецца ў сераду ўвечары ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Паводле Пшыдача, на гэтую сустрэчу змогуць прыйсці ўсе ахвочыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.