Польшча выступае за стварэнне ў рамках NATO "вайсковага Шэнгену"

Польшча выступае за стварэнне ў рамках NATO "вайсковага Шэнгену"

Польшча выступае за стварэнне ў рамках NATO, вобразна кажучы, "вайсковага Шэнгену". Пра гэта 14 сакавіка падчас выступу ў Сейме заявіў міністр замежных спраў Яцэк Чапутовіч. Кіраўнік польскай дыпламатыі агучыў інфармацыю пра прыярытэты знешняй палітыкі Польшчы ў гэтым годзе.

Чапутовіч: "Узмацненне вайсковай прысутнасці NATO на ўсходнім флангу арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы, у прыватнасці, умацаванне ваеннага супрацоўніцтва паміж Польшчай і ЗША, застаецца нашым прыярытэтам. Мы супрацоўнічаем з групай з дзевяці краін нашага рэгіёну ў Бухарэсцкім фармаце. Апошні прыклад сумесных, скаардынаваных дзеянняў краінаў рэгіёну па ацэнцы рызыкаў і ўмацаванні бяспекі на ўсходнім флангу — ужо чацвёртая сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Бухарэсцкага фармату 28 лютага.

Асабліва істотным для нас з’яўляецца ўзмацненне стрымліваючага і абарончага патэнцыялу Альянсу. Нашае імкненне стаць ядром вайсковай прысутнасці NATO і ЗША ў нашым рэгіёне з'яўляецца рэальным. У нашай краіне размешчаны войскі NATO — не толькі амерыканскія салдаты, але і англійскія, румынскія і харвацкія. У Эльблёнгу створана шматнацыянальная каманда, якая прызначана для каардынацыі дзейнасці Альянсу на яе ўсходнім флангу.

У заходняй Польшчы размешчана на ратацыйнай і бесперапыннай аснове амерыканская бронетанкавая брыгада. Чарговы год працягваюцца працы, якія каардынуюцца Міністэрствам абароны, па стварэнні супрацьракетнай базы ў Рэдзікава, як пастаяннай вайсковай базы ЗША стратэгічнага значэння. Праект, які быў узняты Польшчай, па ўмацаванні вайсковай прысутнасці ЗША на нашай тэрыторыі, фармуецца ў цяперашні час падчас двухбаковых перамоваў".

Міністр замежных спраў падкрэсліў, што прыярытэтам Польшчы застаецца "ўзмацненне вайсковай прысутнасці ўсходняга флангу NATO, а асабліва ўмацаванне вайсковага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Злучанымі Штатамі". "Мы хочам пашырыць прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы", — адзначыў Яцэк Чапутовіч.

Гаворачы пра "вайсковы Шэнген", ён заявіў, што Варшава падтрымлівае супрацу NATO і ЕС у гэтым накірунку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі