Польская амбасада ў Беларусі чакае новага амбасадара
Як паведамляе БелаПАН са словаў прэс-сакратара польскай дыпмісіі Паўла Марчука, амбасадар Генрык Літвін пакінуў Беларусь амаль адразу пасля авіякатастрофы польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам. Цяпер амбасадай кіруе часовы павераны Вітальд Юраш. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Генрык Літвін зойме пасаду намесніка міністра замежных спраў Польшчы. Яна вакантная пасля смерці ў авіякатастрофе Анджэя Крэмера. Мяркуецца, што Літвін будзе курыраваць у МЗС усходні напрамак.