Польскіх памежнікаў упершыню абстралялі з беларускага боку — RMF
Польскія памежнікі / twitter.com/Straz_Graniczna, ілюстрацыйнае фота
Аўтамабіль польскіх памежнікаў упершыню абстралялі з беларускага боку, піша rmf24.pl. Інцыдэнт здарыўся некалькі дзён таму.
Пакуль невядома, хто і з чаго страляў у польскіх афіцэраў. Палкоўнік памежнай службы Аркадзіюш Тыванюк заявіў, што "хуткасць і кінетычная энергія былі значнымі".
"Я не ведаю, ці было гэта выпушчана з якой-небудзь пнеўматычнай зброі, у кожным разе прадмет прабіў бакавое шкло аўтамабіля, вылецеў з іншага боку і прабіў другое шкло. Я падкрэсліваю, што ў машыне сядзелі два афіцэры, гэта таксама пагражала іх жыццю і здароўю", — заявіў ён.
Таксама палкоўнік Тыванюк дадаў, што амаль кожны дзень у бок польскіх патрулёў ляцяць камяні.
Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы цягнецца з 2021 года. Заходнія палітыкі абвінавацілі афіцыйны Мінск у штучным стварэнні гэтага крызісу і назвалі яго формай гібрыднай вайны. Польскія памежнікі неаднаразова паведамлялі, што іх беларускія калегі дапамагаюць мігрантам з трэціх краін нелегальна пераходзіць мяжу.
У выніку Польшча паставіла агароджу на мяжы з Беларуссю.
Паведамляецца, што большасць мігрантаў, якія спрабуюць прарваць польскую мяжу, прыбываюць з Афганістана, Сірыі, Самалі, Емена і Ірака.
"Наколькі нам вядома, беларускі бок спрабуе адкрыць яшчэ адзін напрамак. Вядуцца перамовы пра авіязносіны з Індыяй", — кажуць у Памежнай службе Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.