Помнік каралю Міндоўгу з’явіцца ў Навагрудку ў 2010 г. (фота)

Помнік першаму каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу меўся з’явіцца ў цэнтры Навагрудка напачатку кастрычніка сёлета, але адкрыццё перанеслі на наступны год. Не хапіла грошай – ліццё каштуе каля 300 млн. рублёў. Як паведаміў Вячаслаў Лаўрашчук, галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкаму, прадпрыемствы Навагрудка і грамадзяне з усёй краіны пералічваюць грошы на помнік. Але, калі Еўрарадыё паспрабавала ахвяраваць грошы на помнік Міндоўгу, супрацоўнікі “Беларусбанку” паведамілі, што разліковы рахунак, пазначаны Навагрудскім райвыканкамам, не існуе.

Вячаслаў Лаўрашчук:
“Гэтага не можа быць! Разліковы рахунак адкрыты і грошы, хоць і марудна, паступаюць. На жаль, грошы яшчэ не сабраныя, бо, разумееце, фінансаванне абмежаванае. Калі б былі грошы, то, я думаю, вельмі хутка помнік ўжо рыхтаваўся б да адкрыцця”.

Цяпер Міністэрства культуры зацвердзіла адкрыццё на 2010 год, але даты не прызначала.

Аўтар помніка - Генадзь Буралкін, былы старшыня Саюза мастакоў, аўтар, між іншага, такіх твораў, як “Музы Опернага тэатру” альбо “Загінулым на Нямізе ў 1999 годзе”.

Даведка Еўрарадыё: Кароль Міндоўг займае выключнае месца ў гісторыі Беларусі. Стаўшы першым каранаваным каралём Вялікага Княства Літоўскага, ён паклаў пачатак аб’яднанню ўсіх беларускіх земляў. Міндоўг дамогся вялікага палітычнага аўтарытэту і прызнання ў Еўропе для краіны і сябе. Кароль зрабіў Навагрудак сталіцай самай буйной краіны Еўропы, чым на доўгія гады забяспечыў дабрабыт краю.



Макет помніка Міндоўгу. Здымак аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі