"Працую ў школе 38 гадоў. З іх мне налічылі восем гадоў прафесійнага стажу"

"Працую ў школе 38 гадоў. З іх мне налічылі восем гадоў прафесійнага стажу"

Алена — настаўніца гісторыі. Працуе ў школе 38 гадоў. 9,5 з іх — піянерважатай, год — метадыстам у Палацы піянераў, 9 гадоў — завучам. Паралельна выкладае гісторыю. За школьныя "заслугі" працягласцю ў паўжыцця настаўніцы налічваюць усяго... восем гадоў прафесійнага стажу. А гэта значыць, што яна не можа пайсці на пенсію па выслузе гадоў у 50.


"Дэкрэты ў стаж не пайшлі — з адным дзіцем паўтара года сядзела, з другім — год і 10 месяцаў. Курсы павышэння кваліфікацыі таксама не ўлічваюцца. Я і цяпер на курсах — куча сертыфікатаў. Яно мне трэба?" — разводзіць рукамі настаўніца. 


А вось яе калега, Святлана па стане здароўя вырашае сысці на льготную пенсію: настаўнікі маюць права пакінуць працу ў 50 гадоў пры ўмове, што маюць 25 гадоў прафесійнага стажу (у іншым выпадку чалавека чакае невялікая пенсія з улікам агульнага стажу). Святлану не адпускаюць: аказваецца, гэтая лічба — з вобласці фантастыкі.


"Напрыклад, з 2009 па 2017 год мне залічылі ў працоўны стаж пяць гадоў і чатыры месяцы. З педстажу выкідваецца ўсё, апроч непасрэдна выкладчыцкіх гадзін. Атрымліваецца, што я тры гады лынды біла, а не працавала", — кажа Святлана.

Згодна з заканадаўствам, прафесійны стаж — гэта праца ў асаблівых ўмовах застрахаванай асобы, за якую працадаўца выплачвае ўнёскі на прафесійнае пенсійнае страхаванне. А асаблівыя ўмовы — гэта выкананне настаўнікам штотыднёвай нагрузкі (20 працоўных гадзін, 18 — выкладчыцкая дзейнасць, дзве — класнае кіраўніцтва). То бок, выканаў крытэрыі — тыдзень працы пайшоў у стаж. Нешта з гэтага не зрабіў цягам тыдня (не правёў класную гадзіну) — ніякага табе прафесійнага стажу. 


"Калі настаўнік едзе ў камандыроўку на дзень (напрыклад, на алімпіяду), то ў прафесійны стаж не залічваюць цэлы тыдзень! — абураюцца нашы суразмоўцы. — З бальнічым тая ж гісторыя: два дні хварэў, выкідваюць цэлы тыдзень. З летнімі настаўніцкімі канікуламі, працягласць якіх выклікае ў многіх зайздрасць, тое самае! Каб два месяцы патрапілі ў педстаж, мусяць супасці зоркі".


Паводле заканадаўства, летні адпачынак беларускага настаўніка пойдзе ў прафесійны стаж толькі пры ўмове, што пачнецца на наступны дзень пасля таго, як настаўнік выпрацуе тыднёвую нагрузку. Напрыклад, апошні дзень заняткаў прыпадае на чацвер. Натуральна, што за чатыры дні настаўнік можа выканаць сваю "норму", і на наступны дзень сысці ў ідэальны (то бок, са стажам) адпачынак. Але, калі 31-га траўня прыпадае на панядзелак, то настаўнік фізічна не можа адвесці 18 урокаў. Таму прафесійны стаж за два месяцы злятае ў трубу. З патрэбных 25-ці гадоў настаўнік губляе такім чынам 4 гады прафесійнага стажу. 

"А ў адпачынку чым мы займаемся? Усё мінулае лета прасядзела з вучнем: РАНА папрасіла-прымусіла напісаць даследчую працу. Як ты адмовіш? Дзіця атрымала месца на конкурсе і планшэт. А наўстаўніца нічога", — кажа спадарыня Алена.

На пенсію наяўнасць педстажу ніяк не ўплывае: штомесяц былы настаўнік у сярэднім атрымлівае ў раёне 350 рублёў. 


"Адзінае, з 50-ці гадоў нам плацяць невялікую надбаўку за прафесійны стаж", — тлумачаць Еўрарадыё настаўнікі.


Атрымліваецца, што каб пайсці на пенсію па выслузе гадоў, беларускі настаўнік мусіць працаваць не менш за 50 гадоў? Нават пры прафесійным выгаранні і нежаданні больш працаваць педагогі мусяць заставацца ў школе — "дабіваць" да 25 гадоў педстажу. У той жа час маладыя спецыялісты, асабліва ў рэгіёнах, вымушаныя заставацца без працы і сыходзіць з прафесіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі