Прадпрымальніца пра аптовыя склады: “Шкарпэткі і трусы я б узяла!”
Мінская іпэшніца даследавала, ці ўратуюць яе бізнес базы, на якіх прапанавала закупляцца дзяржава
Калі ад беларускіх прадпрымальнікаў пачалі патрабаваць сертыфікаты якасці, то як альтэрнатыву чыноўнікі прапанавалі закупляцца на беларускіх аптовых складах.
Мінуў час. Выязджаем разам з дасведчанай іпэшніцай Людмілай у адно з такіх месцаў — сталічны “Трыкатажгандаль”. Прадпрымальніца ў бізнесе больш за 20 гадоў. Працавала на трыкатажы і ў Беларусі, і ў Расіі на Урале. Раней паслугамі такіх складаў не карысталася.
“Гэтыя ж брэнды любы можа купіць за кіламетр адсюль, у ЦУМе. Навошта пакупніку ісці да мяне!” — адразу ж заўважае Людміла, аглядаючы прадукцыю “Купалінкі”, “Світанка”, “Кіма” і іншых беларускіх прадпрыемстваў.
Прадпрымальніца аглядае начную сарочку. Кошт закупкі — 216 тысяч разам з ПДВ.
“У нас яе за большую суму не прадасі. А ў Расіі год таму можна было збыць за такія ж самыя грошы. Там начныя сарочкі ўзбекі прадаюць. Хэбэшачкі. Узбекскія атрымліваюцца танней”, — тлумачыць ІПэшніца.
Раптам прадпрымальніца заўважае спартовае адзенне кампаніі “Сола-Пінск” і аглядае простыя з выгляду чорныя жаночыя штанцы. Іх закупка абыходзіцца ў 185 тысяч.
“У нас іх на рынку купляць не будуць. У Расіі максімальная для іх цана — 1000 расійскіх рублёў. То бок зарабіць можна менш за пяць долараў. А трэба ж і наварыць”, — крытычна падлічвае прадпрымальніца.
Такім чынам іпэшніца разграміла амаль увесь тавар на складзе. Нават яркія спартовыя беларускія касцюмы, якія раней ў Расіі вельмі любілі.
Раптам Людміла заўважае вечаровую сукенку фірмы “Мелісэна”.
“Вось даволі сімпатычная сукенка, закупка каля 356 тысяч. Магчыма, і ў нас на ёй можна атрымаць 150 тысяч навару. Але цяпер не сезон, і я б не рызыкавала. Сукенка някепская, але псіхалогія ў мінчукоў такая, што лепш пераплаціць 100 тысяч і прывезці польскую, больш сучаснай мадэлі”.
Кансультанты складу прыводзяць Людмілу да аддзела з замежнымі таварамі. Там вісіць усяго некалькі мадэляў. Але ад кардыгана і некалькіх сукенак прадпрымальніца адразу адмахваецца — старыя, на яе думку, мадэлі.
Але знайшліся і тыя тавары, што прыйшліся да душы. Гэта, напрыклад, жаночыя шкарпэткі беларускай вытворчасці.
“Закупка каштуе паўдолара. У Расіі за такую суму на адной пары можна зарабіць паўдолара. Дробязь заўжды добра бяруць. А вось на мужчынскіх шкарпэтках амаль не заробіш — 0,2 ці 0,3 долара на пары”, — аналізуе іпэшніца.
Асартымент склада ў вачах прадпрымальніцы выратавала ніжняя бялізна фірмы “Лэдзі-леда”. Людміла доўга мацала трусы і нарэшце ўхваліла іх дызайн. Закупка добрага камплекта згаданай фірмы абыходзіцца ў 100 тысяч. Па адчуваннях Людмілы, зарабіць на ім можна каля 50% ад названага кошту.
“Прыгожыя, але незразумела, якімі яны будуць у носцы. Але браць можна. Для Расіі дакладна”.
Таксама прадпрымальніцу зацікавілі беларускія купальнікі, якія падышлі б “жанчынам бальзакаўскага ўзросту”.
“Такія ў сезон пайшлі б і ў Беларусі”, — скончыла агляд складу прадпрымальніца.
Тым не менш Людміла амаль не пабачыла на складзе “хадавога” для яе тавару і пайшла да кансультантаў пацікавіцца, хто ж у іх закупаецца. Прадпрымальніцу здзівілі аповеды пра тое, што амаль усе кліенты — з Беларусі, і толькі лічаныя закупляюць тавар наўмысна пад Расію і Казахстан. Пэўную дарагавізну цэнаў прадпрымальніцы патлумачылі тым, што увесь тавар сертыфікаваны, і гэтыя траты закладзены ў цану.
“Магчыма, беларусы прадаюць такі тавар па вёсках, дзе людзі не маюць вялікага выбару, — разважае Людміла. — Але я пабачыла мала прыгожых мадэляў, мала яркіх колераў. Мала ёсць такога, каб сама насіла”.
На думку прадпрымальніцы, паратунку ў такіх складах яе калегі не знойдуць. Толькі калі пачнуць вазіць прадукцыю ў Расію. І тое трэба счакаць, пакуль эканоміка суседняй краіны ачомаецца ад крызісу.
“Ад таго ж Уралу Польшча далёка, польскія тавары вельмі дарагія. Кітайскае задавальняе не ўсіх. А беларускі тавар таннейшы і добры па якасці. Таму ў Расію вазіць можна, — аналізуе іпэшніца. — А наш беларус зазвычай хоча апранацца прыгожа. Побач Польшча, Гродна. Лепш пераплаціць, але атрымаць новую мадэль”.