Прадпрымальнікаў пазбавілі ліцэнзіі за цэны, завышаныя на пару адсоткаў

Еўрарадыё даведалася, каго і за што дзяржава пазбавіла ліцэнзіяў, а таксама каму ўдалося пазбегнуць такога жорсткага пакарання. Як паведамлялася раней, 75 суб'ектаў гаспадарання і прадпрымальнікаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі за неабгрунтаванае завышэнне цэнаў. Як расказаў Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення цэнавай палітыкі камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Вячаслаў Пікус, усяго па вобласці без ліцэнзіяў засталося 19 суб'ектаў.

Вячаслаў Пікус: “19 суб'ектаў пазбаўленыя ліцэнзій. У асноўным, харчовая група тавараў. Садавінна-агароднінная прадукцыя, рыбная прадукцыя. Парушэнні былі і ў Магілёве, і ў Бабруйску, і ў раёнах Магілёўскім і Бабруйскім, і ў Асіповічах, і ў Чэрыкаве, і ў Крычаве. А яшчэ была прыпыненая дзейнасць ліцэнзіяў у 17 суб'ектаў”.

Некаторым для таго, каб пазбавіцца ліцэнзіі, дастаткова было завысіць цану ўсяго на 15%. Але там, відаць, і раней былі пэўныя заўвагі. Таму для кожнага асобнага прадпрымальніка быў свой падыход, гаворыць Вячаслаў Пікус:

“Было завышэнне на 16% на асобныя тавары. Там анулявалі ліцэнзію. На 15% завышэнне гандлёвых надбавак было. Там таксама анулявалі ліцэнзію. Можа, у выканкамах да гэтага былі свае нейкія заўвагі. Да кагосьці так падышлі, да кагосьці так...”

Іншыя ж прадпрымальнікі ў Баранавічах, да прыкладу, прадавалі адзін кухонны камбайн па цане двух. Перадае наш рэгіянальны карэспандэнт Іван Юрашчык:

“На пыласосы цэны падскочылі на 55-62%, на кухонныя камбайны – на 38-95%, на пральныя машыны – 67%. Як сказаў адзін са спецыялістаў упраўлення цэнавай палітыкі Брэсцкага аблвыканкама, за адзін кухонны камбайн бралі, як за два”.

Па Брэсцкай вобласці небаракаў, пазбаўленых ліцэнзіяў, аказалася 15. Паводле слоў начальніка ўпраўлення цэнавай палітыкі Брэсцкага аблвыканкама Мікалая Шэлегава, некаторыя з гэтых прадпрымальнікаў завысілі цану ўвогуле ўсяго на пару адсоткаў.

Мікалай Шэлегаў: “Хто садавінай гандляваў, хто бытавой тэхнікай. І да 40% было, і больш. І пару працэнтаў было. Пару працэнтаў, але сума-та вялікая, пакупкі ж вялікія”.

Спадар Шэлегаў сказаў, што разабраліся амаль з усімі, зараз засталося “апошніх дабіць”.

Мікалай Шэлегаў: “Брэст, Баранавічы, Пінск... Усіх, хто патрапіўся, амаль усіх запар. Зараз вось апошніх дабіваем, хто не прыйшоў”.

Аднак некаторым шчасліўчыкам усё ж удалося выкрасліць сябе са злашчаснага спісу. Так, смаргонская фірма “Фортуна-Випо” абышлася толькі штрафам. Завышаныя цэны, якія знайшла ў іх праверка, не іхняя віна, расказала Еўрарадыё дырэктар фірмы Ірына Яраш:

“Калі ўдакладняць, то нават не па нашай віне. Нас няправільна інфармавалі. Спачатку прайшла такая інфармацыя, што пазбавілі ліцэнзіі. А потым перагледзелі пытанне — і ліцэнзіі не пазбавілі. Мы працуем далей. Заплацілі штраф. ”

Самыя сумленныя прадпрымальнікі, альбо тыя, каго не паспелі “дабіць” аблвыканкамы, працягваюць працаваць. Паводле інфармацыі Міністэрства гандлю, пасля праверкі цэны на рынках пачалі зніжацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі