Прадстаўнік СААЗ: Мінздароўя Беларусі павінна лепш інфармаваць пра каранавірус
Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Батыр Бердыклычаў мякка пакрытыкаваў беларускае Мінздароўя. На яго думку, ведамству трэба палепшыць працу з інфармаваненм грамадзян пра сітуацыю з каранавірусам у краіне.
"Насельніцтва павінна мець поўную інфармацыю пра рызыкі і пра тое, як сітуацыя развіваецца і якія меры прымаюцца. Недахоп інфармацыі можа справакаваць страх", — прыводзіць TUT.by словы Бердыклычава.
У Беларусь рыхтуецца прыезд экспертаў СААЗ. Адпаведнае даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка спікеру Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Сёння яна правяла гутарку з рэгіянальным дырэктарам Еўрапейскага бюро СААЗ Гансам Клюге на гэтую тэму.
Падчас гэтай гутаркі, як перадае Бердыклычаў, Клюге падкрэсліў, што сітуацыя з каранавірусам развіваецца вельмі хутка. Таму краіна павінна хутка карэктаваць меры, якія яна прымае, каб яны адпавядалі эпідэміялагічнай сітуацыі.
Пры гэтым прадстаўнік СААЗ лічыць, што да прыезду місіі ў Беларусь казаць пра маштабныя каранцінныя меры заўчасна. Праўда, дата візіту пакуль не вызначаная.
А вось інфармаваць насельніцтва аб распаўсюдзе каранавіруса, на думку Бердыклычава, вельмі важна. Інфармацыя павінна быць рэгулярная і адкрытая.
Як паведамлялася раней, Мінздароўя перастала даваць звесткі пра агельную колькасць выпадкаў каранавіруса ў Беларусі. Раней гэтыя лічбы агучваліся адзін раз у два-тры дні. "Мы абмяркоўваем з Міністэрствам аховы здароўя гэтае пытанне. І вядома, лічым, што калі б падача інфармацыі была больш рэгулярнай і поўнай, было б значна лепш. Наша рэкамендацыя досыць выразная і моцная — палепшыць гэты кампанент, адназначна", — пракаментаваў прадстаўнік СААЗ.
Паводле апошняга прэс-рэлізу Мінздароўя, у Беларусі пад медыцынскім наглядам і на лячэнні знаходзяцца 157 чалавек. Таксама Мінздароўя пацвердзіла дзве смерці пацыентаў з каранавірусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.