Праект помніка беларускім пілотам ў Радаме ўжо падрыхтаваны

А грошы на рэалізацыю праекту палякі будуць збіраць праз дзяржаўныя ўстановы і добраахвотныя ахвяраванні грамадзянаў Паводле слоў Адама Яблоньскага, войта гміны Гузд, які выступіў з ініцыятывай стварэння помніка, ужо з’явіўся праект абеліска, сабралі практычна ўсе неабходныя дакументы, а таксама вызначыліся з месцам, дзе паўстане помнік.

Адам Яблоньскі: “Я выступіў з гэтай ініцыятывай нейкі час таму, адразу пасля трагедыі, каб ушанаваць. З таго, што ведаю: пэўны праект ужо паўстаў — праект абеліску. У нас ужо ёсць падрыхтаванае месца, ужо ёсць падрыхтаваныя юрыдычныя дакументы”

Паралельна спадар Яблоньскі праводзіць сустрэчы з тымі, хто выказаў жаданне дапамагчы ў стварэнні помніку. Для збору грошай адмыслова задзейнічалі фонд, які будзе шукаць спонсараў.

Адам Яблоньскі: “На сённяшні дзень я ужо меў некалькі сустрэчаў, маем таксама фонд, які збірае на ўсё гэта грошы”.

І, як відаць, сустрэчы не прайшлі дарма. Чатыры інстытуцыі ўжо згадзіліся фінансава падтрымаць праект.

Адам Яблоньскі:
“Зараз ёсць ужо чатыры інстытуцыі, якія хочуць ва ўсім гэтым удзельнічаць: мая гміна Гузд, староства павету, мэр гораду Радам і таксама польская армія”.

Але не толькі дзяржаўныя інстытуцыі пагадзіліся даць грошы на помнік. Жыхары Маленчына і мясцовы касцёл таксама вырашылі дапамагчы і абвясцілі публічны збор ахвяраванняў.

Адам Яблоньскі: “У нас тут да гэтага ўсяго далучыўся ксёндз з нашай парафіі ў Маленчыне, ксёндз Юзеф Яраш. Збор ахвяраванняў у Маленчыне працягваецца”.

У справе стварэння помніка спадар Яблоньскі хацеў таксама супрацоўнічаць з беларускай амбасадаю ў Варшаве. Кажа, нават даслаў ліст са словамі спачування і прапановай супрацы. Але ўжо больш як два тыдні ніякага адказу з амбасады не прыходзіць.

Адам Яблоньскі: “Я першага верасня выслаў да амбасады Беларусі ў Варшаве ліст са спачуваннямі. У тым самым лісце я сказаў аб сваёй ахвоце супрацоўніцтва ў стварэнні абеліску, і да гэтага часу няма адказу”.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў беларускай амбасадзе ў Варшаве, чаму няма адказу на зварот спадара Яблоньскага. Але на працягу дня ў прэс-службе амбасады слухаўку ніхто не падняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі