Праект вяшчання ў Беларусі ўкраінскага ТБ працягваюць абмяркоўваць
Паводле беларускага боку, такі праект “патрабуе ўзважанасці”.
Перамовы аб вяшчанні Першага ўкраінскага канала ў Беларусі працягваюцца. Пра гэта заявіў амбасадар беларускі амбасадар у Кіеве Валянцін Вялічка ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Украінскія навіны.
Паводле дыпламата, такі праект патрабуе ўзважанасці і трэба вырашыць пытанне з фінансаваннем. “Так, мы вельмі хочам рэалізаваць гэты праект, але ад жадання да рэаліі заўсёды ёсць нейкі прамежак часу, які патрабуе дэталізацыі”, — сказаў Вялічка.
У канцы мінулага года прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка дамовіліся пра вяшчанне Першага ўкраінскага канала. Тады Лукашэнка даў зразумець, што беларусы маюць права ведаць розныя пункты гледжання.
Гэта стала вялікай нечаканасцю як для самога канала, так і для беларускіх чыноўнікаў з Мінінфармацыі. Не ў меншай разгубленасці было і кіраўніцтва Першага нацыянальнага канала. А былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі тады параўноўваў украінскі Першы нацыянальны з айчынным БТ. Паводле Зімоўскага, гэты ўкраінскі канал “займае апошняе месца ў дваццатцы тэлеканалаў, якія каціруюцца сярод вымяральнікаў”.
Чакалася, што канал пачне вяшчанне ў студзені, але пакуль гэтага не адбылося, нагадвае БелаПАН.