Пракурор просіць для Віталя Каўша пяць гадоў з канфіскацыяй маёмасці
Адвакат настойвае, што брэсцкага актывіста трэба апраўдаць з-за невінаватасці.
6 сакавіка на працэсе Віталя Каўша прайшлі спрэчкі бакоў. Пракурор Міхаіл Булыгін палічыў віну падсуднага цалкам даказанай. Адвакат Павел Алесік казаў пра блытаніну і супярэчлівасць матэрыялаў следства. На яго думку, гэта пацвярджала невінаватасць Каўша.
Прысуд будзе абвешчаны 12 сакавіка а 14-й гадзіне.
Нагадаем, у траўні 2012 года каля Брэста былі затрыманыя васьмёра індусаў. Яны спрабавалі па канаце прайсці над калючым дротам і кантрольна-следавай паласой беларуска-польскай мяжы. Па версіі следства, ім дапамагалі два мясцовыя жыхары. У ліпені індусаў дэпартавалі і выдалі пастанову на арышт Віталя Каўша. Яго гвалтоўна затрымалі 1 верасня. Праз два дні родныя знайшлі Каўша ў следчым ізалятары.
Увосень у сеціве з’явіўся ролік, на якім два індусы з разгорнутымі пашпартамі кажуць на камеру, што ў Брэсце іх змусілі агаварыць незнаёмых людзей.