Праплачаныя білеты на матч БАТЭ-“Ювентус” згубіліся па дарозе на МТЗ

Як стала вядома Еўрарадыё, Мінскі трактарны завод купіў 1 тысячу білетаў на матч Лігі чэмпіёнаў БАТЭ-“Ювентус”. Заплаціў грошы, а білеты так і не прыйшлі. Пра гэта распавёў намеснік старшыні прафкама завода Ўладзімір Кулічкоў.

“Мы грошы праплацілі за 1 тысячу білетаў, але нам іх ніхто не дае. Там “АБФФ-Путешествие”, арганізацыя, якая займаецца продажам… Мы замаўлялі і па 15 і па 30 тысяч, а цяпер невядома. Тут ужо вайна ідзе. Улады падключаем”.

Распаўсюджваць білеты паміж працаўнікамі завода збіраліся за палову кошту. Другую палову браў на сябе прафкам. Жадаючых схадзіць на футбол, паводле слоў Уладзімра Кулічкова, нашмат больш, чым “набылі” білетаў.

Еўрарадыё паспрабавала датэлефанавацца ў “АБФФ-Путешествие”. Але з таго часу, як пачаўся продаж білетаў на гэты матч, мабільны тэлефон гендырэктара арганізацыі Андрэя Бабрыцкага не адказвае.

Між тым, “АБФФ-Путешествие” — адзіная арганізацыя, якая займаецца рэалізацыяй білетаў на матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. З ёй у барысаўскага клуба ёсць адпаведная дамова, паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар каманды Дзяніс Сарокін.

“Адзіны афіцыйны распаўсюджвальнік білетаў на БАТЭ, акрамя спекулянтаў, канешне, — гэта “АБФФ-Путешествие”. З гэтай кампаніяй заключана дамова”.


Дзяніс Сарокін таксама адзначыў, што ўсе білеты на матч БАТЭ-“Ювентус”, якія мусілі рэалізоўвацца праз касы стадыёна ўжо прададзеныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі