Праверак няма, прадпрымальнікі вярнуліся на рынкі (фота)

У нядзелю, 8 сакавіка, на рынку ў Ждановічах даволі шматлюдна. Асабліва ў параўнанні з 1 сакавіка, з якога пачаў працаваць Указ 222. Паводле яго прадпрымальнікі павінныя мець сертыфікаты якасці на кожную адзінку свайго тавару — вопратку і абутак. Аднак за два дні да ўступлення Указа ў сілу намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты паведаміў, што “ўсе могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы… У праекце новага ўказа мы пастараемся адказаць на самыя надзённыя пытанні… Канчаткова выпрацаваць механізм па легалізацыі рэшткаў тавараў”. А яшчэ паабяцаў не штрафаваць прадпрымальнікаў да ўступленне ў сілу новага Указа. Шчодрае абяцанне — памер аднаго штрафу складае 9 мільёнаў.

Так выглядалі "Жданы" ў нядзелю 1 сакавіка

А так праз тыдзень

 

У выніку 8 сакавіка на “Жданах” бачу шмат працуючых кропак. Розніца з пустымі шэрагамі і зачыненымі боксамі, якія бачыў тут 1 сакавіка, кардынальная. Што праўда, пакупнікоў не вельмі шмат. “Ніхто нічога не купляе, вельмі мала як на выходны дзень. Але так ужо некалькі месяцаў, мы прывыклі”, — расказвае адзін з гандляроў.

Не дапамагаюць распрадаваць тавар і значныя зніжкі. Джынсы можна набыць за 200-300 тысяч. “Гэта значна ніжэй за кошт, які мы плацілі, набываючы тавар”, — пераконваюць іпэшнікі. Прычыну распродажу тлумачаць жаданнем хоць нешта зарабіць падчас крызісу.

1 сакавіка

8 сакавіка

Праверак пакуль няма

Лідар грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка расказвае, што за тыдзень дзеяння Указа 222, паводле якога прадпрымальнікі павінныя мець сертыфікаты на тавар, не было ніводнага штрафу. “Да нас ніхто з такой інфармацыяй не звяртаўся. Праверак і штрафаў насамрэч няма. Было толькі некалькі выпадкаў канфіскацыі тавару, які везлі з Расіі ў Беларусь. Вось нядаўна з Магілёўскай вобласці атрымалі сігнал такі. Але на рынках праверак пакуль насамрэч няма”, — расказвае Шумчанка.

Калі будзе падпісаны новы Указ, пакуль невядома

Першапачаткова ўлады ў асобе намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога абяцалі падрыхтаваць тэкст новага дакумента ў першыя дні сакавіка. Аднак гэтага так і не адбылося. І склалася парадаксальная сітуацыя, калі забарону на выкананне Указа кіраўніка краіны намеснік міністра эканомікі наклаў фактычна простай заявай у СМІ.

Дата падпісання новага Указа, які павінен замяніць Указ 222, застаецца невядомай. Як і яго тэкст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі