Праз банкруцтва расійскай турфірмы беларусы завіслі паміж Мінскам і Кітаем

Праз банкруцтва расійскай турфірмы беларусы завіслі паміж Мінскам і Кітаем

Праз банкруцтва расійскай турфірмы "Жамчужная рака" сямейная пара беларусаў завісла паміж Мінскам і Кітаем. Цяпер беларусы знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў іх была запланаваная перасадка на рэйс да курортнага вострава Хайнань.

Разлічваючы, што хутка апынуцца на цёплым кітайскім узбярэжжы, турысты пакінулі цёплую вопратку ў машыне ў мінскім аэрапорце, і раптам апынуліся ва ўмовах рускай зімы — з адмененым рэйсам у Кітай і “татальным ігнорам” турфірмы.

"У аэрапорце прадстаўнікі авіякампаніі сказалі, што калі мы куплялі пуцёўку ў "Жамчужнай ракі", то трэба звяртацца туды, — распавядае Еўрарадыё Павел Аляксееў. — Прадстаўніцы турфірмы з намі не было, па ўказаных тэлефонах нам ніхто не адказваў. Мы ўзялі таксі і паехалі ў гатэль".

Тэлефоны тураператара "Жамчужная рака" адключаныя. Вядома, што фірма вінная $2,3 млн расійскай авіякампаніі "ИрАэро", якая праз гэтую запазычанасць прыняла рашэнне адмяніць чартарныя рэйсы на Хайнань. Пакуль беларусы спрабуюць вырашыць свае пытанні ў Санкт-Пецярбургу, у Кітаі застаецца каля 1,5 тысячы турыстаў, якія не могуць вярнуцца дадому.

Прадстаўнік расійскай асацыяцыі тураператараў па выязным турызме "Турпомощь" распавёў Еўрарадыё, што яны не ведаюць, ці ёсць сярод пацярпелых іншыя беларусы:

"На жаль, мы не маем такой інфармацыі. Але магу дакладна сказаць, што мы дамовіліся з авіяперавозчыкам і ўжо вывозім турыстаў з Кітая назад дадому".

Вярнуцца дадому — можна, вярнуць грошы — нашмат складаней

Што рабіць беларусам, якія сталі ахвярамі тураператара і не могуць дабрацца на курорт ці вярнуцца на радзіму? Паколькі тур быў набыты праз расійскую фірму, тым, хто завіс у Кітаі, трэба тэрмінова звязацца з "Турпомощью" па нумары: +74996781203. Калі ж вы не дачакаліся перасадкі ў Расіі, лепш за ўсё звярнуцца ў беларускую амбасаду.

Наступнае пытанне: як вярнуць грошы за сарваны адпачынак. Расійскае агенцтва па турызме прапануе такую схему.

Праз банкруцтва расійскай турфірмы беларусы завіслі паміж Мінскам і Кітаем

“Замест вылету дадому ў Кітаі павезлі ў заапарк”

У Instagram можна знайсці гісторыі іншых ахвяр “Жамчужнай ракі”, якія спрабуюць выбрацца з Кітая. Турысты распавядаюць пра свае прыгоды па хештегу #жемчужнаярека.

“Авіякампанія “ИрАэро” учора адмяніла наш вылет у Чэлябінск у 7:50. А пятай раніцы гіды “Жамчужнай ракі” забралі нас з гатэля ў Хайкоў. Нас прывезлі ў аэрапорт і мучылі чаканнем да 13 дня (без харчавання), пастаянна абяцаючы, што мы то паляцім, то паедзем у гатэль. Калі турысты пачалі бунтаваць, нас павезлі ў заапарк у гадзіне язды ад Хайкоў. У заапарку нас пакармілі абедам, які, мякка кажучы, быў агідны, і адправілі гуляць па парку. Але і вечарам інфармацыі ніякай не было, і нас “марынавалі” ў зачыненым парку і не вывозілі ў горад, пакуль турысты не схадзілі за паліцыяй і не растлумачылі сітуацыю праз перакладчыка. Тады ў гідаў адразу знайшоўся гатэль, і нас павезлі ў Хайкоу”, — распавядае Анастасія Камаева.

Слухай больш навінаў у праграме "Петарда" за 12.12:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі