Прэм’ер Брытаніі даслаў у ЕС адразу два лісты пра адтэрміноўку “Брэкзіту”
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан накіраваў у Еўрасаюз два лісты, якія тычацца “Брэкзіту”. У першым лісце, які ён не стаў падпісваць, Джонсан просіць даць Злучанаму Каралеўству адтэрміноўку выйсця з ЕС. У другім лісце называе адтэрміноўку памылкай.
Як адзначае Бі-бі-сі, перад адпраўкай другога ліста Джонсан скантактаваўся з еўрапейскімі лідарамі і падкрэсліў, што першае пасланне было фактычна “не ад яго, а ад парламента”.
У другім лісце сказана, што новая адтэрміноўка — гэта памылка. Кіраўнік брытанскага ўрада працягне дамагацца ад парламента прыняцця новага варыянту ўгоды аб выйсці з ЕС да 31 кастрычніка.
19 кастрычніка брытанскі парламент сабраўся на пазачарговае пасяджэнне і прагаласаваў за папраўку, якая абавязвае спачатку ўнесці змены ва ўнутранае заканадаўства, а толькі потым выстаўляць на галасаванне ўгоду з ЕС. Фактычна гэта азначае неабходнасць прасіць новую адтэрміноўку, але Джонсан заяўляе, што Вялікабрытанія ўсё адно выйдзе з Еўрасаюза 31 кастрычніка.