Прэм’ер Вялікабрытаніі заклікае НАТО перагледзіць адносіны з Масквой

У верасні 2014 года ва Уэльсе пройдзе чарговы саміт НАТО, і Кэмеран заявіў, што збіраецца выкарыстоўваць гэтую падзею, каб падштурхнуць Альянс да змены яго доўгатэрміновых дачыненняў з Расіяй, паведамляе РБК са спасылкай на Reuters. Са слоў брытанскага прэм'ера, гэта звязана з тым, што Масква разглядае паўночнаатлантычны блок як праціўніка.

“Праз шэсць месяцаў з пачатку расійска-ўкраінскага крызісу мы павінны дамовіцца аб доўгатэрміновых захадах па ўмацаванні нашай здольнасці хутка рэагаваць на ўсякую пагрозу, каб супакоіць тых саюзнікаў, якія асцерагаюцца за бяспеку сваіх краін, і стрымаць усякую агрэсію з боку Расіі”, — адзначае Кэмеран ў лісце генеральнаму сакратару НАТО Андэрсу Фогу Расмусэну і сваім калегам па Альянсу.

Ён прапанаваў распрацаваць новы план вайсковых вучэнняў, стварыць новую інфраструктуру, падрыхтаваць вайсковую тэхніку і боепрыпасы, а таксама павялічыць колькасць Сіл рэагавання НАТО да 25 тысяч чалавек.

"Мы павінны прызнаць, што супрацоўніцтва апошніх гадоў у дадзены момант немагчымае праз незаконныя дзеянні Расіі паблізу межаў НАТО, і перагледзець прынцыпы, на якіх будуюцца нашы дачыненні з Расіяй”, — падкрэсліў Кэмеран.

Сябры брытанскага парламента ў сваім дакладзе, які быў апублікаваны 31 ліпеня, абвінавацілі НАТО ў недаацэнцы небяспекі з боку Расіі і адзначылі, што найбольш уразлівыя на гэты момант краіны Балтыі — Латвія, Літва і Эстонія. Кіраўніцтва Альянсу ў адказ заявіла, што ўжо разглядае меры па ўмацаванні сваіх сіл у Прыбалтыцы, і прызнала неабходнасць адаптацыі да ўмоў бяспекі, якія змяніліся.

Галоўнакамандуючы войскамі NАТО ў Еўропе генерал [ВПС ЗША] Філіп Брыдлаў раней заявіў, што Альянсу трэба будзе разгледзець магчымасць пастаяннай прысутнасці войскаў ва Усходняй Еўропе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі