Прэс-сакратар МЗС Беларусі: мы перажылі кагнітыўны дысананс
Прэс-сакратар МЗС Беларусі, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Анатоль Глаз пракаментаваў заявы прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ наконт Беларускай АЭС. Па выніках сустрэч з прэзідэнтам Аўстрыі і прэм'ер-міністрам Фінляндыі яна прадэкларавала падтрымку гэтымі краінамі пазіцыі Літвы ў дачыненні да беларускай атамнай станцыі, якая будуецца ў Астравецкім раёне.
"Мы ўважліва азнаёміліся з паведамленнямі па выніках адзначаных сустрэч і перажылі кагнітыўны дысананс, — цытуе словы Глаза прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства. — Складваецца ўражанне, што ўдзельнікі былі на розных перамовах або нешта здарылася з перакладчыкам".
Па словах Глаза, прэс-службы прэзідэнта Аўстрыі і прэм'ер-міністра Фінляндыі, як і найбуйнейшыя навінавыя агенцтвы гэтых краін, не згадвалі пра абмеркаванне тэмы Беларускай атамнай станцыі, "не кажучы ўжо пра падтрымку гэтымі краінамі радыкальнай пазіцыі Літвы пра неабходнасць закрыцця АЭС".
Прэс-сакратар МЗС заўважыў, што, калі верыць Грыбаўскайтэ, то атрымліваецца, што Фінляндыя, у планах якой пабудова АЭС па ідэнтычным праекце, настойвае на яго небяспечнасці. "Гэта сюррэалізм", — заявіў Анатоль Глаз. Ён кажа, што "у Літве ў разгары прэзідэнцкая гонка, і нагнятанне ў насельніцтва неабгрунтаваных страхаў ў дачыненні да суседскай АЭС з'яўляецца традыцыйным метадам яе вядзення". "Беларуская АЭС будзе пабудавана і будзе бяспечнай", — падкрэсліў ён.