Прэс-служба КДБ: Домрачава звольнілася з камітэта амаль 2 гады таму
Алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар’я Домрачава звольнілася з КДБ амаль два гады таму. Пра гэта паведамляе кіраўнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын 4 траўня.
“Да чэрвеня 2014 года Домрачава была на службе ў КДБ, але цяпер Дар’я Уладзіміраўна не з’яўляецца супрацоўнікам ведамства”, — кажа Пабяржын. Што стала прычынай сыходу біятланісткі, а таксама пра іншыя падрабязнасці службы ў КДБ не паведамляюць.
Паведамленні пра тое, што Домрачава служыць у КДБ з’явіліся на сайце БФСТ “Дынама”, сябрам якога з’яўляецца славутая біятланістка. У біяграфіі спартсменкі, якая месцілася на сайце, пазначалася: “Праходзіць службу ў СК КДБ Рэспубліка Беларусь, старшы лейтэнант”. Праз некаторы час гэтыя звесткі былі выдаленыя.
У аддзеле інфармацыі таварыства тлумачыць выдаленне тым, што гэтыя звесткі састарэлі “і Домрачава ўжо не з’яўляецца сябрам СК КДБ”.
На пытанне, ці з’яўляецца хто-небудзь з іншых вядомых беларускіх спартсменаў супрацоўнікам ведамства, Дзмітрый Пабяржын адказаў: “На жаль, мы не можам распаўсюджваць гэтую інфармацыю”, — паведамляе БелаПАН.