Прэзентацыя на Еўрарадыё: “Chapter 1 — The BGNNG” ад гурта NUTEKI (слухаць)

“Chapter 1 — The BGNNG” — гэта адна з чатырох частак, якія складуць будучы альбом каманды. Такую канцэпцыю музыкі задумалі для свайго першага англамоўнага рэліза, праца над якім праходзіла пераважна ў ЗША. Майстарынг загалоўнага сінгла “Wind Inside”  NUTEKI даверылі Тэду Джэнсану (Ted Jensen), вядомаму па працы з гуртамі Green Day, Bring Me The Horizon ды інш.

“Мы вырашылі разам са слухачамі прайсці ўсе гэтыя этапы — з аднаго ў другі. The BGNNG — гэта пачатак усёй гісторыі. Гісторыі мары чалавека, які праходзіць у розны час розныя стадыі. Таму The BGNNG — гэта частка альбома, поўная эмоцый, энтузіязму, задору. Яна адлюстроўвае пачатак на шляху да мары”, — тлумачыць канцэпцыю альбома лідар каманды Міша Нутэкі.

Па задуме, наступныя часткі альбома будуць адлюстроўваць іншыя станы чалавека на шляху да мары — боль, расчараванне, падзенні, поспех. А ў слухачоў такім чынам будзе магчымасць сачыць, як развіваецца гурт і стаць часткай таго, што перажываюць музыкі. Гэта зробіць альбом актуальным цягам доўгага часу, спадзяецца Міша Нутэкі, калі нехта адкрые для сябе гурт NUTEKI толькі з апошняй часткі, абавязкова пераслухае тры папярэднія. З усіх частак The BGNNG будзе самай рокавай, забойнай і магутнай музычна.

Відэа для “Wind Inside” здымалася ў закінутай сядзібе недалёка ад Мінска. У ролі сцэнарыста і рэжысёра відэа выступіў Яўген Ножачкін, вядомы па працы з гуртом “Ленинград”. Па сюжэце музыканты знаходзяцца ў розных частках вялікага дома, дзе кожны спрабуе спазнаць сябе (глядзець кліп ніжэй).

Вокладка кожнай часткі альбома будзе прадстаўляць сабой выяву скульптуры. Кожная з гэтых скульптур у сваю чаргу адлюструе эмоцыі, якія музыкі укладаюць у кожную з частак суперлонгплэя. Калі ж слухач збярэ ўсе чатыры вокладкі, то зможа скласці выяву пятай, фінальнай скульптуры. Для The BGNNG такім сімвалам быў абраны матылёк, які выходзіць з кокана.

“Гэта сімвалізуе пачатак новага нараджэння. І колькі высілкаў патрабуецца матыльку, каб выйсці з кокана, столькі ж трэба і для любога пачатку,” — працягвае Міша Нутэкі.

Агулам, у альбом мусіць увайсці каля 25 кампазіцый. Яшчэ тры часткі лонгплэя ўбачаць свет цягам года.

Спампаваць “Chapter 1 — The BGNNG” можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі