Прэзентацыя на Еўрарадыё: “Куда земля” ад гурта “Нафта” (слухаць)

“Куда земля” — хвалюючая песня пра каханне. Але нават калі праслухаць яе некалькі разоў, зразумець, шчаслівае гэта каханне ці няўдалае, не атрымаецца.

“Так можна сказаць пра ўсе песні, якія я прыдумляю, — распавядае Еўрарадыё вакаліст “Нафты” Уладзімір Пугач. — Увогуле, лічу, што жыццё — гэта не стан, а працэс, а каханне, закаханасць — гэта няўстойлівая раўнавага, з якой у любы момант можна ці скаціцца ў прорву, ці да зорак узляцець!”

"Нафта" у студыі

“Нафта” — прынцыповы lo-fi-праект з трох музыкаў і вакаліста. Гурт імкнецца стварыць гукавую прастору мінімальнай колькасцю выяўленчых сродкаў. “Куда земля” на гэты момант — бадай што самая радыйная і самая камерцыйная па гучанні песня каманды. З першых яе гукаў звяртае на сябе ўвагу басовая партыя Аляксандра Мышкевіча:

“Мы хацелі, нам падабаецца паспрабаваць так. І, галоўнае, Сашы падабаецца! — падхоплівае Уладзімір Пугач. — На запіс ён прыносіў дзве свае бас-гітары, а пасля яшчэ і трэцюю знайшлі. І проста на месцы высвятлялі, якая больш пасуе”.

Аляксандр Мышкевіч

Нечым “Куда земля” падобная на песні J:Морс, чаго не адмаўляе і сам Уладзімір Пугач: “Я не стаў спяваць шансон ці чытаць рэп. Гэта ўсё роўна тое, я прыдумляю, а я — адзін чалавек. Але гэта зусім іншыя музыкі, і іншы падыход да напісання песень. Мы збіраемся ў студыі, імправізуем, знаходзім рыфы і гарманічныя хады. Пасля я ўсё гэта забіраю дадому і прыдумляю песні”.

А што з гэтага атрымліваецца — слухайце праз плэер, змешчаны ніжэй!

Фота: Андрэй Краўчанка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі