Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Нашы дні” ад гурта Hurma

Песня “Нашы дні” нарадзілася, калі лідар Hurma Мікіта Найдзёнаў глядзеў спектакль “Очень обыкновенная история”. Песня атрымалася пра сваю “няпростую любоўную гісторыю”.
 
Hurma зарэкамендавала сябе гітарнай поп-рок-камандай. А тут прыдумала нязвыклую аранжыроўку. “Нашы дні” — гэта дуэт голасу і фартэпіяна, граць на якім Мікіту вучыць студэнтка Акадэміі музыкі Ульяна Балашэнка.
 
“Гэта своеасаблівы эксперымент, такі акустычны варыянт, — тлумачыць Еўрарадыё Мікіта Найдзёнаў. — Мы ўпершыню мяняем інструмент”.

Да таго ж песня, запісам якой займаўся Сяржук Чайка, гэта і рэжысёрскі дэбют былога ўдзельніка "Хурмы" — паэта, музыкі і журналіста Змітра Баяровіча. Кліп на "Нашы дні" глядзіце ніжэй.

У будучыні Мікіта Найдзёнаў хацеў бы выдаць цалкам фартэпіянны альбом, куды і ўвойдзе песня “Нашы дні”. Паралельна Hurma будзе ствараць і ў сваім звыклым амплуа.
 
“Мы як Google — заўсёды ў пошуку, — разважае Мікіта пра будучыню Hurma. — Напэўна, гэта будзе нешта не надта цяжкое, кшталту таго, што зараз граем. Магчыма, калі гаварыць пра фартэпіянны альбом, будзем супрацоўнічаць са струннай групай. Магчыма, зробім перфоманс з эксперыментальным тэатрам”.
 
Цяперашнюю “Хурму” можна жыўцом паслухаць ужо 18 траўня падчас “Ночы музеяў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі