Прэзідэнты Польшчы і Літвы сёння наведаюць Сувалкскі калідор
7 ліпеня Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа наведаюць Сувалкскі калідор і абмяркуюць яго бяспеку, піша "Новая газета — Балтыя".
Прэзідэнты Польшчы і Літвы спачатку адправяцца ў мабільны штаб шматнацыянальнай Паўночна-Усходняй дывізіі ў Польшчы, а затым у Батальён матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Вялікага князя Літоўскага Вітэніса ў літоўскім Мар'ямпалі.
Падчас вандроўкі лідары краін збіраюцца гаварыць пра пытанні бяспекі, абароны і магчымасць умацавання ўсходняга фланга НАТА — гэта абмяркоўвалася падчас саміту Альянса ў Мадрыдзе на прыканцы чэрвеня.
Будуць закранутыя і тэмы вайны Расіі супраць Украіны, падтрымкі апошняй і неабходнасці пашырэння санкцый.
Сувалкскі калідор — участак мяжы паміж Літвой і Польшчай шырынёй каля 100 кіламетраў, які мяжуе з Калінінградскай вобласцю на захадзе і з Беларуссю на ўсходзе.
17 чэрвеня Літва ўвяла забарону на транзіт санкцыйных тавараў у Калінінградскую вобласць. У Расіі заявілі, што калі "ЕС неадкладна не выправіць сітуацыю, то ў РФ будзе развязаны рукі для вырашэння пытання любымі спосабамі". Пасля пагрозы Польшча і Літва пачалі задумвацца аб умацаванні Сувалкскага калідора.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.