Для этнічных беларусаў спросцяць парадак атрымання грамадзянства Беларусі
МУС пашырае пералік асобаў, якія могуць атрымаць беларускі пашпарт у спрошчаным парадку.
Міністэрства ўнутраных спраў прапануе пашырыць пералік асобаў, якія могуць атрымаць беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку. Пра гэта на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў заявіў кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, прадстаўляючы змены ў Закон аб грамадзянстве.
Шуневіч: “На сёння вялікая колькасць грамадзян, этнічна і гістарычна звязаных з Беларуссю, не могуць скарыстацца правам на атрыманне грамадзянства ў спрошчаным парадку толькі з-за таго, што ў мінулым яны былі грамадзянамі СССР. Тым больш, што гаворка ідзе пра маладое, працаздольнае пакаленне, якое хоча памнажаць дабрабыт Беларусі. Законапраект прадугледжвае магчымасць атрымання беларускага грамадзянства ў рэгістрацыйным парадку асобам, народжаным пасля распаду СССР”.
Па словах Шуневіча, на сёння МУС часцей прымае дакументы на атрыманне беларускага грамадзянства, чым на адмову ад яго. Лічбы могуць вар'іравацца: у адзін квартал падаць дакументы на атрыманне можа больш за 100 чалавек, у другі — каля 100. Адмаўляюцца ад грамадзянства Беларусі ўдвая радзей.
Фото: cvetkoff.by.