Прыднястроўе звярнулася да Расіі з просьбай "абараніць" ад Малдовы
З'езд дэпутатаў Прыднястроўя
Прыднястроўе звярнулася ў Савет Федэрацыі і Дзяржаўную думу Расіі з просьбай абараніць ва ўмовах "узмацнення ціску Малдовы". Такое рашэнне прынялі мясцовыя дэпутаты Прыднястроўя на з'ездзе 28 лютага ў Ціраспалі, піша newsmaker.md.
Звароты былі накіраваныя таксама ў АБСЕ, СНД, Еўрапарламент, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і да Генсакратара ААН. Прыднястроўскія дэпутаты заклікалі іх "паўплываць на кіраўніцтва Малдовы для вяртання да адэкватнага дыялогу і спыніць парушэнне правоў і свабод жыхароў Прыднястроўя".
Яны заяўляюць, быццам Малдова пачала "эканамічную вайну" супраць непрызнанай ПМР. Таксама яны абвінавацілі Кішынёў у наўмыснай блакадзе перамоваў з Ціраспалем. Ад пачатку 2024 года ўлады Малдовы скасавалі мытныя льготы для прыднястроўскіх прадпрымальнікаў, што выклікала вострую рэакцыю з боку Ціраспаля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.