Прыхільнікі Леха Качыньскага дзяжураць каля крыжа ў цэнтры Варшавы(фота)

24 гадзіны ў суткі яны пільнуюць крыж, які паставілі харцэры праз некалькі дзён пасля катастрофы пад Смаленскам. 
Перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве нават ўначы сядзіць варта каталікоў-прыхільнікаў загінулага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. 24 гадзіны ў суткі яны пільнуюць крыж, які паставілі харцэры праз некалькі дзён пасля катастрофы пад Смаленскам. Гарбату і ежу “вартаўнікам” прыносяць у асноўным варшаўскія бабулькі, якія кажуць, што змагаюцца за веру.

Старэйшая жанчына: “Як я магу не змагацца, калі мяне выхавалі менавіта ў такой рэлігіі, а не ў іншай?”


Але пад палацам сабралося не толькі старэйшае пакаленне. Маладая настаўніца з Любліна трапіла сюды выпадкова ― спазнілася на цягнік, але засталася на тыдзень.

Маладая настаўніца: “Мне гэта вельмі блізка, бо калі збіраліся перанесці гэты крыж, я адчула сябе так, быццам мяне выкінулі з грамадства”.


Драўняны крыж, які па ацэнцы архітэктараў і гарадскіх уладаў, не ўпісваецца ў варшаўскі пейзаж, збіраліся перанесці 100 метраў далей – у касцёл. З такім рашэннем згадзіліся касцельныя іерархі і нават харцэрская арганізацыя, якая паставіла крыж. Але ў прызначаны дзень пераносу крыжа, пад палацам пачалася цісканіна і нават бойкі з паліцыянтамі. Група яго абаронцаў стаяла на смерць. 


У выніку крыж пакінулі. А побач з ім з’явілася яшчэ некалькі новых. 



Сам касцёл не можа падтрымліваць такіх паводзінаў, кажа айцец дамініканін Мацей Земба.

Мацей Земба: “Гэта не рэлігійны экстаз і не змаганне за крыж”. 

Крыж павінен не дзяліць, а аб’ядноўваць, упэўнены варшаўскі мітрапаліт арцыбіскуп Казімеж Ныч.

Казімеж Ныч: “Нельга выкарыстоўваць крыж, каб у нейкім сэнсе дасягнуць свае людскія мэты, часам не зусім шчырыя. Нельга рабіць гэтага пры дапамозе Хрыстовага крыжа”.


Гарадскія ўлады ужо рыхтуюць праект помніка, які хочуць паставіць замест крыжа. Па задумцы аўтара, на помніку будуць прадстаўленыя 96 параў рук у розных жэстах – у памяць пра кожнага з загінулых пад Смаленскам.  Але здаецца, што абаронцы крыжа цяпер змагаюцца за прынцып і не хочуць ісці на кампраміс.



А іх праціўнікі рыхтуюць контрманіфестацыю. У адной з сацыяльных сетак нават паўстала суполка “Супраць крыжа пад Прэзідэнцкім палацам”. У яе ўвайшло каля 2,5 тысяч чалавек. Стваральнік суполкі нават атрымаў дазвол ад гарадскіх уладаў на правядзенне акцыі пратэсту. Яе арганізатары хочуць перанесці крыж не ў касцёл, а ў паліцэйскі пастарунак, каб выкарыстаць яго ў якасці доказу віны абаронцаў крыжа. Справа ў тым, што “змагарам за рэлігію” ніхто не дазваляў праводзіць акцыю пад палацам.



Фота: onet.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі