Прыпынена справа пра выкрадзены з пінскага морга труп
Следства не змагло скласці годных версій здарэння / media-polesye.by
Прыпынена крымінальная справа пра выкрадзены з пінскага морга труп. Яго, як і выкрадальнікаў, не знайшлі, піша media-polesye.by.
Цела жыхаркі Лунінецкага раёна, якая памерла ва ўзросце 37 гадоў, прывезлі ў пінскі морг у студзені 2021-га. Але сваякам яго не змаглі аддаць — знікла. За два гады следства не змагло скласці годных і больш-менш праўдападобных версій здарэння.
Вядома, што жанчына жыла ў адной з вёсак Лунінецкага раёна, лячылася, імкнучыся перамагчы ВІЧ. Да таго ж у яе дыягнаставалі сухоты. У абласным тубмеддыспансеры яна неаднаразова пагражала медработнікам, што выскачыць з акна. З-за гэтага яе перавялі ў псіхіятрычную бальніцу. 29 студзеня 2021-га сваякоў папярэдзілі, што пацыентку трэба забраць дадому — выпісваюць. Але тыя нейкі час вырашалі пытанне з месцам яе пражывання, а калі сабраліся, ім сказалі, што жанчына памерла.
Сваякі заняліся арганізацыяй пахавання: выкапалі яму на могілках, купілі труну і паехалі за нябожчыцай у пінскі морг. Але цела там не аказалася. У выкапанай магіле сваякі зніклай закапалі бохан хлеба.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.