Прызначана дата разгляду справы аб ліквідацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі
Сцяг АГП / racyja.com
Прызначана дата разгляду справы аб ліквідацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Гэта — 15 жніўня. Іск у Вярхоўны суд Беларусі падаў Мінюст.
АГП — апазіцыйная партыя, яна існуе з 1995 года. Яе старшыня Мікалай Казлоў — палітвязень, ён знаходзіцца за кратамі, летась быў асуджаны на 2,5 года калоніі.
Яшчэ ў чэрвені Мінюст прапанаваў Аб’яднанай грамадзянскай партыі самаліквідавацца. "Мы гэта рабіць не будзем, і такое рашэнне прынялі ўжо даўно. Няхай ліквідуюць, робяць гэта самі", — казаў сябра партыйнага палітсавета Леў Марголін.
8 жніўня будзе разглядацца іск аб ліквідацыі Рэспубліканскай партыі, 9-га — Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды. Гэта праўладныя партыі, якія ўжо непатрэбныя ў цяперашняй сітуацыі. 14 жніўня Вярхоўны суд разгледзіць іск Мінюста аб ліквідацыі апазіцыйнай Партыі БНФ. Яе лідар Рыгор Кастусёў таксама за кратамі.
Ужо ліквідаваныя апазіцыйныя Беларуская партыя "Зялёныя", Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ (яе ачольвае Зянон Пазняк), праўладная Беларуская патрыятычная партыя. Верагодна, ліквідаваная ўжо і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада.
У Беларусі ў выніку "перарэгістрацыі" засталіся толькі праўладныя партыі — камуністы, "ліберал-дэмакраты" Алега Гайдукевіча і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама зарэгістраваная партыя "Белая Русь". Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка яшчэ ў лютым 2023-га "прадбачыў", што "колькасць партый зменшыцца да 3-4".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.