Прызёр Алімпіяды атрымае кватэру, калі стаіць у жыллёвай чарзе

Раней НАК абяцаў кожнаму чэмпіёну Пекіна па сталічнай кватэры Еўрарадыё вырашыла высветліць, што “свеціць” беларусам, калі яны стануць прызёрамі Алімпійскіх гульняў. Намеснік старшыні Дырэктарата нацыянальнай каманды Анатоль Іваноў кажа, што ўсе ганарары зацверджаны прэзідэнтам.

Анатоль Іваноў: За 1-ае месца 100 тысяч, за другое – 50, за трэцяе - 30 тысяч. Ёсць распараджэнне прэзідэнта з гэтай нагоды.

Ёсць яшчэ і спонсары, якія таксама будуць заахвочваць спартоўцаў. Што гэта за сумы, пакуль ніхто не ведае, аднак дакладна вядома, што кітайская фірма, якая шые вопратку нашым спартоўцам, выдзеліць яшчэ па 10 тысяч долараў. Таму грашовы ганарар за першае месца складзе 110 тысяч долараў.

Але гэта яшчэ не ўсё: калі пераможца Алімпійскіх гульняў стаіць у чарзе выканкаму на кватэру, тады Міністэрства спорту і турызму пасадзейнічае, каб у спартоўца з’явілася ўласнае жыллё.

Анатоль Іваноў: Заняў Іваноў першае месца, і, магчыма, калі ён мае патрэбу і стаіць на ўліку ў аблвыканкаме, гарвыканкаме, то, магчыма, па хадайніцтве Міністэрства спорту і турызму разам з Федэрацыяй, яму дадуць кватэру, як чэмпіёну ці прызёру Алімпійскіх гульняў. Гэта робіцца так заўсёды.

Спартовы чыноўнік гаворыць, што колькасць пакояў кватэры залежыць не ад якасці медаля, а ад склада сям’і прызёра. Аднак, калі ў спартоўца ўжо ёсць уласнае жыллё, тады ніякай кватэры яму не “свеціць”.

Аднак яшчэ мінулым летам на прэс-канферэнцыі першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Генадзь Аляксеенка казаў, што ўсе беларускія прызёры Пекіна атрымаюць у падарунак кватэры ў сталіцы. Ён сцвярджаў, што з адным са спонсараў заключана дамова на 20 кватэр у сталіцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі