П'яныя кіроўца і пасажыр абвінавацілі беларускага мытніка ў вымаганні хабару

П'яныя кіроўца і пасажыр абвінавацілі беларускага мытніка ў вымаганні хабару

Канфлікт на мяжы паміж грамадзянамі нашай краіны і мытнікам скончыцца ў судзе. Як паведамляе прэс-служба Гродзенскай рэгіянальнай мытні, праверку па гэтай справе вядзе пракуратура.
 
Жыхары Зэльвенскага раёна Гродзеншчыны ехалі з Польшчы на радзіму. Мяжу яны перасякалі ў пункце пропуску "Бераставіца" на легкавым аўтамабілі. У ім ехалі кіроўца і два пасажыры. Кіроўца вёз шыну да матацыкла, уласнікам якога ён не з'яўляецца. Беларускі мытнік прапанаваў заплаціць пошліну за ўвоз шын на тэрыторыю ЕАЭС альбо вярнуцца назад, у Польшчу. Гэта і стала прычынай канфлікту. 

Адзін з пасажыраў напісаў у кнігу заўваг і прапаноў скаргу, у якой абвінаваціў мытніка ў вымагальніцтве хабару. Як паведамляе прэс-служба мытні, запіс персанальнага відэарэгістратара і камераў відэаназірання, вывучаныя пры праверцы, не пацвердзілі гэтага факту.

На разбіральніцтва на мытню прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Яны выявілі, што кіроўца і адзін з пасажыраў былі п'янымі. На кіроўцу пачалі адміністрацыйную справу за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Яму пагражае штраф да 2300 рублёў (100 базавых велічынь) з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на тры гады.

Матэрыялы праверкі па факце паклёпу ў адрас службовай асобы аддзел уласнай бяспекі мытні накіраваў у пракуратуру Гродзенскай вобласці. За распаўсюд заведама непраўдзівых звестак, злучаных з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства, жыхарам Зэльвеншчыны пагражае да трох гадоў абмежавання волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі