Праз санкцыі грузапаток праз Беларусь знізіўся на 30%
Чарга з фур на мяжы
Транзітны грузапаток праз Беларусь сёлета знізіўся яшчэ на 30% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Эдуард Даніловіч. Паводле яго, становішча на заходніх межах краіны застаецца складаным — найперш праз санкцыі. Закрытыя многія пункты пропуску. Акрамя таго, дзейнічае забарона на ўезд у краіны ЕС беларускіх грузаперавозчыкаў. Пры гэтым Даніловіч не згадаў, што ў якасці меры ў адказ урад РБ закрыў праезд праз Беларусь для еўрапейскіх перавозчыкаў, адзначае Reformby.org
"Усё гэта, вядома, зразумелым чынам адбіваецца на грузапатоках, якія ідуць праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. У параўнанні з мінулым годам гэты грузапаток яшчэ на 30% знізіўся", — заявіў прадстаўнік ДМК.
Даніловіч заявіў, што беларускі бізнес пераарыентаваўся на іншыя кірункі. І ў выніку, нягледзячы на зніжэнне грузапатоку, аб'ём плацяжоў у бюджэт, за якія адказвае ДМК, вырас на 18% у параўнанні з мінулым годам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.