"Пытанне адмовы ад клеткі ў судзе трэба "прапрацоўваць"
І ў перспектыве магчымасць таго, што абвінавачаных перастануць саджаць падчас суда ў клетку, міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі не выключае.
Такое меркаванне міністр юстыцыі выказаў падчас прэс-канферэнцыі 7 лютага, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё.
Алег Сліжэўскі: “Адсутнасць клеткі павінна прадугледжваць нейкія іншыя меры, каб асоба, па якой на сёння рашэнне суд і не вынес, але якая, разам з тым, можа ўяўляць грамадскую небяспеку. І меры гэтыя павінны быць дастатковыя, каб не дапусціць нечаканых і патэнцыйна небяспечных дзеянняў з боку асобы, якая разглядаецца сёння ў якасці абвінавачанага”.
Таксама міністр юстыцыі выступае за тое, што працягваць тэрмін знаходжання пад вартай затрыманаму мусіць суд, а не следчы ці пракурор, як гэта адбываецца зараз. Гэта пытанне, разважае Сліжэўскі, трэба таксама “прапрацоўваць”. Але сваіх падначаленых ён ад гэтай задачы “вызваліў”.
.130207_slijeuski2kletka.mp3
Алег Сліжэўскі: “Міністэрства юстыцыі працуе ў межах задач, якія за ім замацаваныя. А тут пытанне крымінальнай вытворчасці, пытанне ажыццяўлення правасуддзя. І органы, якія адказваць за гэтую сферу, яны найперш павінны выступаюць ініцыятарамі па карэктыроўцы адпаведных прававых нормаў”.
Мадэльер Саша Варламаў у клетцы ў першы дзень суда.