Раненні, затрыманні і крымінальныя справы — год небывалых рэпрэсій супраць СМІ
Увосень 2020-га журналісты выходзілі на акцыю пратэсту супраць затрымання калег / Svaboda.org
Беларуская медыясфера за год панесла велізарныя страты. Несуцяшальныя вынікі ў гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года падводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў.
З жніўня 2020 года "былі знішчаны або вымушаны зачыніцца многія медыя, дзясяткі калегаў у няволі, журналісты былі асуджаныя па крымінальных артыкулах, прайшлі сотні ператрусаў, канфіскацый тэхнікі, арыштаў".
У БАЖ падлічылі, што журналістаў за гэты год затрымлівалі каля 500 разоў. Былі зафіксавалі 68 фактаў гвалту і раненняў прадстаўнікоў медыя. Да прыкладу, падчас асвятлення пратэстнай акцыі была параненая фатограф выдання "Наша Ніва" Наталля Лубнеўская. Ёй у нагу трапіла гумавая куля. У выніку журналістка правяла ў бальніцы 38 дзён.
БАЖ таксама нагадвае аб 119 выпадках, калі журналістаў каралі адміністратыўным арыштам. У якасці прыкладу можна ўспомніць гісторыю журналіста газеты "Беларусы і рынак" Арцёма Маёрава. У траўні ён быў асуджаны на 15 сутак за "дробнае хуліганства". Яго затрымалі 18 мая ў будынку, дзе размяшчаецца рэдакцыя партала TUT.by. У той дзень у офіс партала з ператрусам прыйшлі сілавікі. Паводле версіі міліцыі, Маёрава хацелі паклікаць на "прафілактычную гутарку", а ён у адказ пачаў "лаяцца" і "размахваць рукамі".
Дагэтуль у няволі застаюцца 29 прадстаўнікоў медыя, у тым ліку асуджаныя за стрым з пратэстнай акцыі журналісты "Белсат" Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, а таксама супрацоўнікі TUT.by і "Прэс-клуба". Іх справы яшчэ не перададзены у суд. Фігурантамі крымінальных спраў з'яўляюцца больш за 50 прадстаўнікоў медыя.
З-за прэсінгу былі вымушаныя спыніць выпуск 10 выданняў. Больш за 100 сайтаў, у тым ліку і наш сайт, былі заблакаваныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.