Расія хоча забараніць пастаўкі шампіньёнаў з Беларусі
Расія хоча забараніць пастаўкі санкцыйных прадуктаў з краін, якія ўваходзяць у ЕАЭС, піша agronews.com.
Нагодай сталі пастаўкі шампіньёнаў з Беларусі. Буйная расійская аграфірма "Выбаржац", якая займаецца вырабам свежай гародніны і зеляніны, звярнулася з заявай у Савет Федэрацыі. Расійскі вытворца папрасіў узмацніць кантролю за ўвозам грыбоў на мяжы Беларусі і Расіі. Гендырэктар фірмы заявіў, што з Беларусі сталі ўвозіць больш шампіньёнаў, цэны на якія ніжэй за расійскі сабекошт. На думку гендырэктара, насамрэч гэта могуць быць грыбы, вырашчаныя ў Польшчы.
У выніку ў Расіі сталі распрацоўваць закон, які забароніць увозіць санкцыйныя прадукты з тэрыторый краін ЕАЭС.
Дарэчы, Беларусь — асноўны пастаўшчык шампіньёнаў для Расіі. Летась з тэрыторыі Беларусі было ўвезена каля 21 тысячы тон грыбоў. Па ацэнках спецыялістаў, пастаўкі грыбоў амаль роўныя іх ўнутранай вытворчасці. У Беларусь жа немалы аб'ём шампіньёнаў пастаўляе Польшча, якая трапіла пад расійскія прадуктовыя санкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.