Расія прапанавала краінам ЕАЭС знішчаць нелегальныя прадукты без дакументаў
Расія прапанавала краінам ЕАЭС знішчаць прадукты, якія паступаюць без суправаджальных дакументаў. Пра гэта расійскай газеце "Известия" распавёў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.
Па словах чыноўніка, прапанова знішчаць прадукцыю без суправаджальных дакументаў прагучала на нарадзе ў Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) на ўзроўні першых намеснікаў старшыняў урада. З прапановай выступіла Расія.
Кіраўнік Рассельгаснагляду падкрэсліў, што праблематычна вызначыць якасць і паходжанне прадуктаў без дакументаў. А на расійскай мяжы з Беларуссю і Казахстанам расце імпарт такой прадукцыі.
Паводле цяперашняй працэдуры, прадукцыя без дакументаў вяртаецца пастаўшчыку. Данкверт кажа, што сёлета Расія вярнула ў Казахстан 4000 тон такой прадукцыі за першыя чатыры месяцы.
Цяпер у Расіі знішчаюць толькі забароненую да ўвозу прадукцыю з краін Еўрасаюза, ЗША, Аўстраліі, Канады і Нарвегіі. Гэтыя нормы ўведзеныя ў рамках харчовага эмбарга, якое ўвяла Расія. Са жніўня 2015 года Рассельгаснагляд знішчыў больш за 11 тысяч тон санкцыйнай прадукцыі.