Цяпер афіцыйна. Расійскі лыжнік Куклін пакінуў зборную Беларусі
Былы ўдзельнік беларускай нацыянальнай каманды па лыжных гонках расіянін Міхаіл Куклін, якога чыноўнікі на будучай Алімпіядзе бачылі замест славутага Сяргея Далідовіча, пакідае нацыянальную зборную па лыжных гонках.
Беларуская федэрацыя лыжных гонак афіцыйна паведаміла Еўрарадыё, што лыжнік Міхаіл Куклін прыняў рашэнне аб завяршэнні кар'еры па сямейных абставінах. Кантракт з Міхаілам будзе скасаваны 19 снежня.
"Сямейныя абставіны ў Міхаіла Кукліна склаліся так, што, на жаль, ён вымушаны пакінуць нашу нацыянальную каманду і вярнуцца ў Расію. Ніякай надзвычайнай сітуацыі няма, гэта не дэмарш, гэта яго асабісты выбар праз асабістыя абставіны. Цяпер ён у адпачынку за свой кошт. Беларуская федэрацыя лыжных гонак чакае, калі ён выйдзе з яго, каб канчаткова высветліць адносіны. Але, паводле папярэдніх дадзеных, ён больш не будзе выступаць за Беларусь", — распавёў прэс-сакратар Міністэрства спорту Уладзімір Несцяровіч.
Наконт таго, ці атрымаў Міхаіл Куклін беларускае грамадзянства, Уладзімір Несцяровіч дакладна не ўпэўнены, аднак кажа, што быццам паспеў атрымаць.
Яшчэ пяць дзён таму старшыня Федэрацыі лыжных гонак Андрэй Каваленка запэўніваў Еўрарадыё, што ўсё нармальна і Міхаіл Куклін у складзе нацыянальнай каманды рыхтуецца да спаборніцтваў.
І для яго быццам бы нічога не змянілася: старшыня Федэрацыі кажа, што Куклін і сёння са зборнай:
"Міхаіл Куклін і цяпер са зборнай, у вас няслушная інфармацыя. Тое, што ён цяпер у адпачынку за свой кошт, не азначае, што ён не са зборнай. Астатняя інфармацыя ў нас на сайце".
То бок паводле версіі Федэрацыі лыжных гонак Міхаіл Куклін цяпер са зборнай у Давосе, але ў адпачынку за свой кошт (!!!) і кантракт з ім скасуюць 19 снежня.
Ці паспеў Міхаіл Куклін атрымаць беларускае грамадзянства, старшыня Федэрацыі Андрэй Каваленка адмовіўся адказваць.
Нагадаем, што яшчэ ў жніўні старшыня федэрацыі запэўніваў, што расіяніну далі беларускі пашпарт, як і іншым замежным лыжнікам у нацыянальнай камандзе. Вось і атрымліваецца, што два гады і грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў былі дарэмна патрачаныя на падрыхтоўку спартсмена, які ў любы момант мог сысці.