Расійскі журналіст: У Беларусі мне пагражае да трох гадоў зняволення
Карэспандэнта расійскай газеты “Маскоўскі камсамолец” Ігара Кармазіна дэпартавалі з Беларусі на айчыну. Чаму гэта здарылася, Еўрарадыё расказаў сам Ігар.
Ігар Кармазін: Я прыехаў у Беларусь, каб зрабіць матэрыял пра палітвязняў. Пра тых, каго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Я меў намер пагаварыць з тымі, хто ўжо выйшаў на волю і са сваякамі тых, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі.
Еўрарадыё: Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных паведаміў, што вы знаходзіліся ў Мінску без акрэдытацыі, што Міністэрства замежных справаў вам не дало акрэдытацыю і ваш візіт у Беларусь быў прыватны. Гэта так?
Ігар Кармазін: Так, візіт мой быў прыватны, акрэдытацыі ў мяне не было. Але, наколькі я разумею, акрэдытацыя патрэбная для тых журналістаў, якія звяртаюцца да чыноўнікаў. Я ж меў на мэце паразмаўляць з самімі палітычнымі вязнямі і іх сваякамі. І ўчора, калі мяне дэпартавалі, ніхто з міліцыянтаў не сказаў мне, што прычына маёй дэпартацыі заключаецца ў адсутнасці акрэдытацыі. Прычынай было вызначана тое, што я “пагражаю бяспецы Беларусі”.
Еўрарадыё:А пры якіх абставінах вас затрымалі? Як вы апынуліся ў міліцыі?
Ігар Кармазін: На плошчы Перамогі мы сустракаліся з Ірынай Халіп, жонкай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Мы з ёй сустрэліся і паразмаўлялі з паўгадзіны. Пасля развіталіся і я зрабіў крокаў дзесяць-пятнаццаць, як мяне затрымалі тры чалавекі ў цывільным. Яны не прадставіліся, не паказалі аніякіх дакументаў, а проста павялі мяне да машыны. Я настойваў на тым, каб яны паказалі дакументы, кажучы, што, можа, яны выкрадальнікі, але яны нічога мне не адказалі на мае патрабаванні. У выніку мы прыехалі ў Партызанскі РАЎС, дзе і праходзіў ўвесь гэты разгляд маёй справы.
Еўрарадыё: Апроч Ірыны Халіп вы з кім-небудзь здолелі сустрэцца?
Ігар Кармазін: Так, я паспеў сустрэцца з Мікітам Ліхавідам, павінен быў яшчэ сустрэцца з Анатолем Лябедзькам, але не атрымалася акурат таму, што мяне затрымалі.
Еўрарадыё: А якая-небудзь інфармацыя, якую вы запісалі на дыктафон падчас размовы з Ірынай Халіп, засталася?
Ігар Кармазін: Не, усё, што было ў мяне запісана на дыктафоне, пасціралі ў аддзяленні міліцыі.
Еўрарадыё: А вам пагражалі ў аддзяленні міліцыі?
Ігар Кармазін: Безумоўна!
Еўрарадыё: Пра што напішаце?
Ігар Кармазін: Выкажу свае ўражанні, падрабязна напішу, што адбываецца ў праваахоўных органах Беларусі.
Еўрарадыё: Скажыце, ці будзеце вы ўжо постфактум патрабаваць разгляду гэтай справы?
Ігар Кармазін: Напэўна, не, бо па вяртанні ў Расію на мяне тут навалілася шмат клопатаў, а таксама я разумею, што гэтыя звароты ні да чаго не прывядуць. Няма сэнсу. І яшчэ мне на год забаронены ўезд у Беларусь. Калі я прыеду у братэрскую дзяржаву, то мне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.