Расійскіх навукоўцаў абавязалі паказваць спецслужбам дысертацыі
Расійскіх навукоўцаў з Інстытута фізіка-хімічнай біялогіі МДУ абавязалі паказваць ФСБ свае працы перад іх публікацыяй. Пра гэта паведамляе часопіс Nature са спасылкай на пратакол пасяджэння ў гэтым інстытуце, якое адбылося 5 кастрычніка.
У пратаколе навукоўцам нагадалі, што яны павінны атрымаць дазвол на публікацыю любога артыкула, выступу на канферэнцыі або прэзентацыі. Гэта тычыцца як расійскіх, так і замежных публікацый.
Па звестках часопіса, такія дазволы павінны атрымліваць навукоўцы з іншых навуковых установаў у Расіі. Некаторыя скардзяцца на тое, што дзеля праверкі ім даводзіцца перакладаць свае іншамоўныя працы на рускую мову. Дарэчы, такія правілы папярэдняй праверкі існавалі ў СССР.
Праверкі сталі абавязковымі пасля таго, як у сакавіку гэтага года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін змяніў спіс звестак, якія адносяцца да дзяржаўнай таямніцы. Да іх адносяцца і навуковыя даследаванні, якія могуць быць скарыстаныя для “новых прадуктаў”. Як адзначае meduza.io, насамрэч наўпроставай забароны ва ўказе Пуціна няма, аднак у 2006 годзе Пуцін зрабіў таямніцай звесткі аб дасягненнях навукі і тэхнікі і аб тэхналогіях.
Фота: oane.ws