Расійскія вытворцы цэменту скардзяцца на беларускія ўлады
На цэментным заводзе
Расійскае прадпрыемства "Цэмрос" (вырабляе цэмент) звярнулася ў Федэральную антыманапольную службу (ФАС) РФ з просьбай паўплываць на беларускія ўлады. Пра ліст стала вядома "Коммерсанту". У Беларусі з восені абмежавалі доступ на мясцовы рынак расійскага цэменту, піша ў ФАС кіраўнік "Цэмроса". У краіне ўвялі норму, якая абавязвае дзяржструктуры закупляць не менш за 90% цэменту беларускай вытворчасці. Між тым, менавіта дзяржсектар з'яўляецца асноўным пакупніком цэменту ў Беларусі, на яго долю прыпадае 85-90% продажаў.
Прадстаўнік "Цэмроса" Дзяніс Усольцаў кажа, што прадпрыемства групы "Мальцоўскі портландцэмент", якое размешчанае ў Бранскай вобласці, было першапачаткова арыентаванае на пастаўкі ў Беларусь. Уведзеныя абмежаванні могуць прывесці да прыпынку і кансервацыі ліній. "Завод ужо скараціў сваю вытворчасць з 3,6 млн тон у 2013 годзе да 2,1 млн тон. Страта рынку яшчэ 0,4 млн тон адпаведна знізіць загрузку на 20%", — кажа Усольцаў. Аўтары звароту таксама нагадваюць, што "беларускія вытворцы працуюць на расійскім рынку паводле рынкавых правілаў, без якіх-небудзь абмежаванняў".
"Коммерсант" са свайго боку са спасылкай на юрыстаў выказвае сумневы, што "расійскі рэгулятар у дадзенай сітуацыі акажа бізнэсу рэальную падтрымку, паколькі яго паўнамоцтвы заканчваюцца на межах краіны".
Нагадаем, беларускія цэментныя заводы працуюць са стратамі. У красавіку стала вядома, што дзяржава павялічвае сваю долю у гэтых ААТ у кошт аказанай раней дзяржпадтрымкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.