Раёнка прыбрала фота ветэрана вайны з абвесткі пра падпіску. Бо ён з БНФ

Раёнка прыбрала фота ветэрана вайны з абвесткі пра падпіску. Бо ён з БНФ

Слаўгарадская раённая газета “Прысожскі край” прыбрала з сайта фота ветэрана вайны Фелікса Шкірманкова, размешчанае на заклік падпісацца на выданне да 25 снежня 2019 года.

Як піша 6tv.by, вялікі фатаздымак Шкірманкова займаў істотную частку матэрыялу. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны трымаў у руках газету “Прысожскі край”.

Аднак на партале "Магілёўскі рэгіён" з’явіўся артыкул “У Слаўгарадзе мясцовая раёнка заклікае падпісацца на газету з дапамогай фота сябра Партыі БНФ”. У тэксце распавядалася пра заслужанага ўраджэнца Слаўгарада, пісьменніка, ветэрана вайны Фелікса Шкірманкова. І ў артыкуле згадвалася, што Шкірманкоў даўно ўваходзіць у Партыю БНФ і ТБМ імя Францішка Скарыны.

На наступны дзень фота Шкірманкова з бел-чырвона-белым значком на пінжаку і газетай у руках знікла з сайта раёнкі.

Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 года ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. У партызанскім руху ён удзельнічаў з ліпеня 1941 года. У лістападзе 1943-га быў цяжка паранены. Потым закончыў ваенна-інжынерную вучэльню ў званні малодшага лейтэнанта і быў накіраваны на 4-ы Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзвода. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”. Пасля вайны служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геолагаразведцы на Далекім Усходзе, быў старшынёй Слаўгарадскага савета дэпутатаў.

Акрамя таго, Шкірманкоў пісьменнік, аўтар мноства кніг, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі