РБК: Беларусь — найбуйнейшы даўжнік Расіі
Праграма дзяржаўных крэдытаў, якія выдаюць расійскія ўлады, засакрэчаная. Аднак агенцтва РБК выявіла прынамсі 17 дзяржаў, якія разам завінаваціліся Расіі каля 27 мільярдаў долараў.
Найбуйнейшым даўжніком Расіі РБК называе Беларусь — 7,55 мільярдаў долараў па стане на 1 чэрвеня 2019 года. Такую лічбу журналістам назвалі ў Міністэрстве фінансаў Беларусі.
Запазычанасць Мінска амаль не змянілася ў параўнанні з канцом 2018 года: тады яна (па звестках Банка Расіі) складала 7,52 мільярда долараў.
У параўнанні з 2012 годам запазычанасць Беларусі перад Расіяй вырасла ўдвая. Аднак улетку 2019 года Масква ўпершыню за апошнія гады адмовілася рэфінансаваць беларускія пазыкі і загаварыла пра паглыбенне інтэграцыі. Пасля гэтага афіцыйны Мінск папрасіў крэдыт у Кітая.
У тройку найбуйнейшых даўжнікоў Расіі ўваходзяць таксама Украіна і Венесуэла.