Рээкспарт або скарачэнне паставак газу: навошта купляць расійскую электраэнергію

Звычайна Беларусь сама прадае электраэнергію за мяжу / Reuters
Звычайна Беларусь сама прадае электраэнергію за мяжу / Reuters

Мінэнерга паведаміла, што вераснёўскія пастаўкі электраэнергіі з Расіі складуць каля 300 млн кВт·г. Гэта даволі дзіўна, бо за ўвесь 2020 год Беларусь закупіла за мяжой усяго (а не толькі ў Расіі) 154 млн кВт·г. Удвая менш!

З 2018 года Беларусь нашмат больш электраэнергіі экспартуе, чым імпартуе. І ў апошнія гады імпарту ўвосень практычна не было. Напрыклад, паводле звестак Белстата, за ўсю мінулую восень наша краіна імпартавала толькі 73 млн кВт·г на $2,4 млн, а ў 2019 годзе — 8,5 млн кВт·г на $380 тысяч.

У Мінэнерга не тлумачаць, навошта канкрэтна спатрэбіўся такі вялікі імпарт за адзін месяц.

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі і даведалася, з чым можа быць звязаны анамальны імпарт электраэнергіі сёлета і чаму Беларусь заплаціць Расіі каля $10 млн за тое, чаго ў краіне павінна быць у прафіцыце.

Реэкспорт или сокращение поставок газа: зачем покупать российскую электроэнергию
Экспарт і імпарт электраэнергіі па гадах / звесткі Белстата

Экспартавалі нават пры вялікім спажыванні ўнутры краіны

Аналітык у сферы энергетыкі Таццяна Манёнак звяртае ўвагу на тое, што сёлета попыт на электраэнергію ў Беларусі расце, а пахаладала даволі рана.

— У першым паўгоддзі спажыванне электраэнергіі вырасла прыкладна на 6-7%.

Па звестках украінскіх СМІ, нават пры узрослым унутраным попыце Беларусь экспартавала за студзень — чэрвень ва Украіну 522,6 млн кВт·г. Больш падрабязных звестак па экспарце і імпарце электраэнергіі сёлета няма, паколькі Белстат схаваў гэтую інфармацыю разам са звесткамі па нафце і нафтапрадуктах.

Вяртаючыся да паставак з Расіі, Таццяна Манёнак адзначае, што ў гадавым выражэнні 300 млн кВт·г — гэта няшмат, але значна для аднаго месяца.

— Тым больш што раней беларускі бок заяўляў, што ён не мае неабходнасці імпартаваць электраэнергію з іншых краін. Пасля мадэрнізацыі беларуская энергасістэма прафіцытная.

Гэта значыць, звычайна ў Беларусі выпрацоўваецца столькі электраэнергіі, каб забяспечыць унутраныя патрэбы і нават экспартаваць.

— Можна толькі меркаваць, што гэта звязана з нейкімі рамонтнымі работамі на нашых найбуйнейшых станцыях, якія выпрацоўваюць электраэнергію, хоць, як правіла, такія рамонтныя работы праводзяцца ў летні перыяд, — кажа Таццяна Манёнак.

 

Не чакалі спынення БелАЭС?

Реэкспорт или сокращение поставок газа: зачем покупать российскую электроэнергию
БелАЭС / Еўрарадыё

Можа, улады разлічвалі на БелАЭС, якая зноў адключаная? І патроху выводзілі з эксплуатацыі энергамагутнасці Беларусі, якія неэфектыўна працуюць?

Реэкспорт или сокращение поставок газа: зачем покупать российскую электроэнергию
Перад ацяпляльным сезонам "Газпрам" зніжае экспарт газу / Reuters

Эксперт мяркуе, што закупка з Расіі можа быць сезонным абменам паміж краінамі або схемай па рээкспарце.

— Беларусь становіцца ўсё больш прафіцытнай краінай у плане электрычнасці, таму што і атамная, і газавыя электрастанцыі працуюць. Таму навошта Беларусі купляць яшчэ і расійскую электраэнергію, не зусім зразумела.

Хутчэй за ўсё, гэта нейкі ўзаемаабмен. Цяпер Беларусь купляе ў Расіі, а потым наадварот. Гэта можа тлумачыцца сезоннасцю. Ці ён накіраваны на тое, каб абысці забароны з боку еўрапейскіх краін. Фармальна будзе афармляцца, што гэта расійская электраэнергія, якая пойдзе транзітам праз Беларусь у Еўропу.

Таксама імпарт можа быць звязаны з пастаўкамі расійскага газу ў Беларусь.

— Можна выказаць здагадку, што Беларусь скараціла закупку расійскага газу, таму што цяпер "Газпрам" актыўна запампоўвае газ у падземныя сховішчы ў Расіі. І праз гэта скарачае экспарт. Сумеснае рашэнне магло быць такое, што і для Беларусі пакуль што пастаўкі газу скароцяцца і наўзамен пойдзе электраэнергія, — заключае эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі