Бакіеў гатовы кіраваць Кыргызстанам з Беларусі

Прэзідэнт Кыргызстана ў выгнанні працягвае сцвярджаць, што ўладу ў краіне захапіла банда злодзеяў. І ў якасці доказу расказвае пра тое, што за некалькі дзён да перавароту ён атрымаў падтрымку свайго курсу ад кыргызскага народа.

Курманбек Бакіеў: “У кыргызаў старадаўні звычай быў: калі абмяркоўваліся пытанні дзяржаўнага маштабу, збіралі дэлегатаў з усіх рэгіёнаў, раёнаў і гарадоў для абмеркавання цякучай сітуацыі і што рабіць далей, куды рухацца. Гэта не быў курултай чыноўнікаў — на гэты курултай былі запрошаныя звычайныя працаўнікі. Курултай цягнуўся два дні. Гэта было за два тыдні да 7 красавіка. Па выніках курултая была рэзалюцыя прынята адзінагалосна: ухваліць палітыку прэзідэнта і аказаць падтрымку рэформам, якія прэзідэнт праводзіць”.

І таму, кажа, калі апазіцыя заявіла аб жаданні 6-7 красавіка правесці мітынгі, і ён, і спецслужбы былі спакойныя і не прадбачылі нечаканасцяў — да мітынгаў, маўляў, за 5 гадоў прывыклі. Але, заўважае, гэта былі не мірныя мітынгі, а ўзброены захоп улады.



Паводле словаў Бакіева, пакінуць краіну яго ўгаварылі Назарбаеў і Пуцін — паабяцаўшы выканаць пэўныя яго ўмовы. Ён слова стрымаў, а Пуцін з Назарбаевым — не.

Курманбек Бакіеў: “Калі я знаходзіўся на поўдні Кыргызстана, у мяне адбылася тэлефонная размова з прэзідэнтам Казахстана і прэм’ерам Расіі. Падчас размовы мы прыйшлі да адзінага меркавання, асабліва гэта падкрэсліў Пуцін, вось яго словы: “Калі пачнецца грамадзянская вайна паміж поўначчу і поўднем, то гэта павесяць на вас”. І ён меў рацыю. Я тады сказаў: “Я гатовы пакінуць Кыргызстан і напішу заяву аб складанні паўнамоцтваў — калі будзе ў Кыргызстане парадак, калі не будзе ганенняў маіх паплечнікаў, родных і блізкіх. Мне гэта паабяцалі. Але да сённяшняга дня ўсё наадварот”.


Бакіеў ухіліўся ад адказу на пытанне, ці не лічыць ён вінаватай Расію ў кыргызскім перавароце. Але прывёў прыклады непаразуменняў у адносінах дзвюх краін.

Курманбек Бакіеў: “Расія ўвяла мытныя пошліны на гаруча-змазачныя матэрыялы. А гэта аўтаматычна вядзе да росту цэн на тавары народнага спажывання і на ўсю прадукцыю, якая вырабляецца. Мы былі ў шоку, калі Расія прыняла такое рашэнне”.

Але ёсць яшчэ і палітычны аспект.

Курманбек Бакіеў: “Я не буду хаваць, што расійскаму кіраўніцтву не падабалася знаходжанне амерыканскай базы ў Манасе”.

У абмен на скасаванне дамовы з Вашынгтонам па базе Расія паабяцала Бакіеву 300 мільёнаў льготнага крэдыту і 150 мільёнаў — гранту. А на наступны дзень пасля прыняцца такога рашэння і Расія, і Таджыкістан, і іншыя суседнія краіны заявілі аб сваёй гатоўнасці размясціць гэтую базу ў сябе. Бакіеў пакрыўдзіўся і падпісаў новую дамову з ЗША.

Курманбек Бакіеў: “Гэты фактар таксама вельмі не спадабаўся ні Мядзведзеву, ні Пуціну. Абодва былі ў абурэнні ад такіх дзеянняў Кыргызстана: як гэтая маленькая краіна — і вядзе самастойную палітыку!”



Бакіеў вельмі пакрыўдзіўся на калег па АДКБ, якія, згодна з яго словамі, ніяк не адрэагавалі на захоп улады ў яго краіне.

Курманбек Бакіеў: “Рэакцыі АДКБ ніякай! Я разумею, калі я быў на поўдні, калі за мной ганяліся бандыты са зброяй — не было ў іх магчымасці звязацца са мной. Але я ўжо чацьвёрты дзень у Беларусі. Пасля таго, што здарылася, хоць бы адзін калега сказаў хоць штосьці, каб хоць голас пачуць! Думаю, ў душы яны падтрымліваюць мяне, але нешта ім перашкаджае адкрыта пра гэта сказаць. Хутчэй, баяцца апынуцца ў такой сітуацыі, як і я”.

Даў сваё тлумачэнне Бакіеў і абвінавачванням у тым, што ён на ўсе важныя пасады ў краіне паставіў сваякоў.



Палітычнага прытулку ў Беларусі прэзідэнт-уцякач прасіць не збіраецца. Але дзе ён будзе жыць, куды накіруецца далей — не распавёў. Як і не сказаў, колькі збіраецца знаходзіцца ў Мінску.

Курманбек Бакіеў: “Урад у выгнанні я фармаваць не збіраюся. Колькі буду тут знаходзіцца — не ведаю, не вызначыўся яшчэ. А што тычыцца таго, у якасці каго (ён тут знаходзіцца — ЕРБ.), то Аляксандр Рыгоравіч прымае мяне ў якасці прэзідэнта. Я яму вельмі за гэта ўдзячны”.

У той жа час Бакіеў заявіў, што гатовы выконваць абавязкі прэзідэнта Кыргызстана з Мінска. Бо, кажа, не збіраецца ў бліжэйшы час вяртацца на радзіму ў якасці кіраўніка краіны.


Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі