Барак Абама асуджае рэпрэсіі ў Беларусі

Тэкст заявы:

"Я рашуча асуджаю судовыя выракі і пакаранні кандыдатам ў прэзідэнты Беларусі Ўладзіміру  Някляеву, Андрэю Саннікаву, Віталю Рымашэўскаму, Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Вусу. Злучаныя Штаты лічаць гэтых кандыдатаў і іншых смелых актывістаў і кандыдатаў, якія былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў сувязі з разгонам 19 снежня — палітычнымі вязнямі.

Іх суды былі яўна палітычна матываванымі і не адпавядалі самым мінімальным стандартам, якія патрабуюцца ад сумленных і незалежных судовых інстанцыяў, што стала вялікім крокам назад для дэмакратыі ў Беларусі. Мы вітаем шырокі міжнародны кансэнсус, які асуджае прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі ў гэтым пытанні.

У адпаведнасці з нашымі каштоўнасцямі і прынцыпамі, урад ЗША ўвядзе новыя санкцыі супраць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, у дадатак да санкцыяў, візавых абмежаванняў і замарожвання актываў, абвешчаных 31 студзеня. Гэтыя захады накіраваныя супраць адказных за рэпрэсіі, у прыватнасці Аляксандра Лукашэнкі, і не накіраваныя супраць народу Беларусі. Мы каардынуем свае дзеянні з іншымі ўрадамі, якія заклапочаныя гэтым пытаннем, каб праз ужыванне гнуткіх міжнародных санкцыяў прывесці да адказнасці беларускіх членаў урада, адказных за рэпрэсіўныя дзеянні. Мы таксама павялічылі нашую дапамогу па падтрымцы дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Мы далучаемся да Еўрапейскага Саюза і нашых іншых саюзнікаў і партнёраў у падтрымцы надзеяў беларускага народу на сучаснае, дэмакратычнае і заможнае грамадства ў межах Еўропы".

Паведамляе Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі