Барды з Італіі вучаць “Купалінку” (аўдыё)
Таксама яны засвоілі тры важныя словы: “прывет”, “дзякуй” і “пі...ц” , і паміж песнямі расчульваюць імі публіку беларускіх гарадоў. Слухайце, як было ў Гродне.
Чаму ў Гродне? А таму што менавіта там у нядзелю адбывалася імпрэза - чарговае “культурнае нашэсце”, зарганізаванае пры падтрымцы Еўрарадыё і 34mag.
Гэтым разам мы на белым мэрсэдэсе прывезлі ў Гродна двух бардаў з Італіі – Джыпсі Руфіну і Андрэа Роціна (перахапілі іх у беларускім туры на шляху з Мінску ў Баранавічы), дызайнера і музыку Дзіму Ску ды кароткаметражныя фільмы One Short Film Festival.
Прывезлі не абы-куды, а ў цікавае культурніцкае месца – галерэю “Крыга”, якая знаходзіцца ў самым цэнтры горада, на Савецкай, месціцца на другім паверсе старога гістарычнага будынку ды мае дворык з утульнай атмасферай, дзе мы і зладзілі кінапаказы і вулічны канцэрт.
“Каб гралі на вуліцы? У Гродне? Апошні раз такое мо гадоў пяць таму было,” – уразіўся гарадзенец Саша.
“У Гродне няшмат такіх праектаў бывае, асабліва з удзелам іншаземцаў, – сказала акторка мясцовага тэатру Жэня Рамановіч. – Я, мабыць, упершыню ў Гродне чую італьянца такога экспрэсіўнага. Клас!”
Ну, давайце ўжо пазнаёміся з гэтымі "клас"-музыкамі:
Экспрэсіўны італьянец – гэта Андрэа Роціна, які жыве ў чэшскім горадзе Брно і пад гітару і бубянцы на назе спявае “wild folk” – чэшскія, славацкія, венгерскія, цыганскія, паўночна-італьянская, паўночна-іспанскія песні.
“А ў Беларусі я знайшоў “Купалінку,” – распавёў нам Андрэа. – Але яшчэ да канца не вывучыў, бо толькі тыдзень як знаходжуся тут”.
Затое калегу Джыпсі Руфіну спатрэбіўся ўсяго дзень, каб вывучыць тры важныя беларускія словы:
“Я магу сказаць “прывет”, магу сказаць “дзякуй”, і яшчэ “пі...ц”. Мне сказалі, што калі нап’ешся, то гэтае слова самае трапнае, каб апісаць свой стан.”
Што да музычнай філасофіі барда Джыпсі – то гэта сціпласць:
“Мае песні прыходзяць разам з маім жыццём, з маімі вандроўкамі. Я нікога не хачу вучыць у сваіх песнях, я проста даю карцінкі, і людзі могуць пабачыць у іх усё, што хочуць”.
На дваіх італьянскіх бардаў прыходзілася два беларускіх: гродзенскі "Некоторое отсутствие пуговиц" і баранавіцкі Дзіма Ску. Апошні – як бы і не бард, а дызайнер, але апошнім часам усё больш вядомы як музыка. Ягоная творчасць палягае на “канцэпцыі дабрыні”:
“Быць добрым вельмі добра! – заяўляе Дзіма Ску. – Я не ведаю, чаму людзі дагэтуль усе не сталі добрымі. Усе ціснуцца, не, не, так не звыкла ў нашым грамадстве. А калі адзін добры, другі добры, шмат людзей добрых – і не з-за грошай, а проста так – мне падаецца, гэта будзе працаваць і пра гэта варта спяваць”.
І гэта, як мы пабачылі, сапраўды працуе:
“Пацешны гэты Дзіма, вясёлы і мегапазітыўны чалавек, які падкупляе сваімі тэкстам, – падзяліўся ўражаннямі гарадзенец Ілля, які выпадкова трапіў на імпрэзу . – Рэспект насамрэч, што прыехалі”.
А што нам - прыедзем, і яшчэ не аднойчы! Як сказала гаспадыня галерэі Марыя Мацко: “Такія мерапрыемствы нараджаюць у моладзі прагрэсіўныя, новыя і светлыя погляды. І мабілізуюць іх, каб ствараць прыгожы і цікавы вакол сябе свет”.